Не выключана верагоднасць ДТЗ


Трагедыя, пра якую ніжэй пойдзе размова, здарылася з А. У. Казловым яшчэ 28 ліпеня.


Вечарам 27 ліпеня 24-гадовы мужчына знаходзіўся ў кафе “Рандэву”, зразумела, ужываў спіртныя напоі, ні з кім не канфліктаваў. У 23 гадзіны 50 хвілін сабраўся дадому. Праз некалькі хвілін яго бачылі на тратуары, чалавек накіроўваўся ў бок пешаходнага пераходу, што знаходзіцца непадалёк на вуліцы Камуністычнай у райцэнтры. На пешаходным пераходзе крыху пазней яго і знайшлі, але ўжо ў беспрытомным стане.


З траўмамі мужчына быў дастаўлены ў бальніцу, лячэнне доўжылася аж да 9 верасня.


Пакуль хворы лячыўся, яго адзенне было аддадзена на фізіка-тэхнічную экспертызу. Пры правядзенні праверкі ўстанавіць факт, што А. У. Казлоў стаў ахвярай нечага злачынства, міліцыя не здолела. Таму 27 жніўня была вынесена пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. 


А ў верасні прыйшло заключэнне эксперта, што на адзенні пацярпелага ёсць разрывы і пацёртасці са слядамі слізгання. Гэтыя і іншыя факты, а таксама характар атрыманых цялесных пашкоджанняў, якія кваліфікаваны як цяжкія і не маглі мець месца пры звычайным падзенні чалавека, які ў дзень трагедыі меў сярэднюю ступень ап’янення, дазволілі меркаваць, што на А. У. Казлова быў здзейснены наезд.


Пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адменена пракурорам раёна, па дадзенаму факту РАУС узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 317 КК Рэспублікі Беларусь.


Міліцыя просіць адклікнуцца сведкаў магчымага дарожна-транспартнага здарэння, аказаць дапамогу ва ўстанаўленні абставін, якія ледзь не прывялі да смерці чалавека.