Новыя ахвяры агню


Год Тыгра ступіў на бешанковіцкую зямлю. Па лініі раённага аддзела ўнутраных спраў навагоднія дні прайшлі спакойна, без здарэнняў. Як адзначыў начальнік РАУС Мікалай Віктаравіч Латышаў, за першыя дні новага года не зарэгістравана ніводнага злачынства. Стабільнай была сітуацыя ў святочныя дні і для прадстаўнікоў медыцынскай службы раёна.


Але не ва ўсіх дамах у гэтыя дні пануе радасць. Чацвёрты дзень года азмрочаны трагедыяй. У ноч з 3 на 4 студзеня ў вёсцы Жыгалы адбыўся пажар. Агонь забраў жыццё дваіх састарэлых людзей.


— Па вобласці за першыя дні года загінулі 9 грамадзян, — адзначае начальнік РАНС Сяргей Леанідавіч Валадзько, — што значна больш леташняга. Набліжаюцца Каляды, выхадныя дні, таму варта  засяродзіць увагу на элементарных правілах пажарнай бяспекі. Хацелася б звярнуцца да старэйшын населеных пунктаў, мясцовай улады, радавых грамадзян з просьбай быць больш уважлівымі да сваіх састарэлых суседзяў і аднавяскоўцаў. Пры неабходнасці папярэдзьце іх аб небяспецы, каб не здарылася новай бяды.