Парадавалі вяскоўцаў канцэртам


Выязны канцэрт народнага калектыву “Крыніца” з Бачэйкава, што прайшоў у аграгарадку Вярхоўе, сабраў багата гледачоў. Выязныя выступленні артыстаў цяпер ажыццяўляюцца на платнай аснове. Але кошт білета ў 2000 рублёў не палохае вяскоўцаў, бо такія мерапрыемствы сапраўды разнастайваюць жыццё, дораць добры настрой.


“Крыніца” – калектыў у раёне вядомы, бо прымае ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяць Бачэйкаўскі СДК і раённы Дом культуры. А ў мінулым годзе ён стаў лаўрэатам абласнога агляду-конкурсу гісторыка-культурнай спадчыны ў сядзібе Строганы. Калектыў мае фальклорную спецыялізацыю, таму кожнае народнае свята ў Бачэйкаве арганізоўваюць менавіта яго ўдзельнікі. Гэта і Калядкі, і Васільеў дзень, і Пакроў, і яблычны спас…


Вялікі ўклад уносіць “Крыніца” ў адраджэнне і захаванне нацыянальнай культуры. Ведаюць яе артысты не толькі народныя песні, але і ўсе беларускія абрады. Каб правільна правесці заручыны, хрэсьбіны, троіцу і іншыя абрады, бачэйкаўцы звяртаюцца ў “Крыніцу”.


Калектыў атрымаў званне “народнага” ў 2003 годзе, а ў 2009-м паспяхова яго пацвердзіў. На сёння ён налічвае 25 удзельнікаў. Гэта таленавітыя людзі рознага ўзросту і розных прафесій: настаўнікі і школьнікі, работнікі АПК і пенсіянеры, медыцынскі персанал і самі культработнікі Бачэйкаўскага СДК. З першых дзён існавання калектыву выступаюць у ім дырэктар Бачэйкаўскага СДК Тамара Мікалаеўна Дзятлава, мастацкі кіраўнік Наталля Фёдараўна Гарбачова і акампаніятар Ірына Леанідаўна Кавалеўская. Поспех і прафесіяналізм «Крыніцы» –  менавіта іх заслуга.


Канцэрт у Вярхоўі доўжыўся дзве гадзіны. Разнажанравая праграма ўключала не толькі вакальныя выступленні, але і размоўны жанр, жарты…


Выязныя канцэрты – толькі адзін са шматлікіх відаў платных паслуг, якія ажыццяўляюць установы раённага аддзела культуры.  На мінулы год па ажыццяўленні платных паслуг аддзелу культуры быў даведзены план у памеры 113,7 млн. рублёў (117%), яго культработнікі перавыканалі, заробілі 135,1 млн. рублёў (136,6%). План, даведзены на 2010 год – 289 млн. рублёў (200%).


— Найбольшай запатрабаванасцю ў насельніцтва карыстаюцца такія паслугі, як дыскатэкі і танцавальныя вечары, канцэрты, дзіцячыя спектаклі, забаўляльныя ігравыя праграмы для дзяцей і падлеткаў, — расказвае начальнік раённага аддзела культуры Н. М. Апанасёнак. – Ужо 60 чалавек займаюцца ў студыі эстэтычнага выхавання, якая працуе пры музычнай школе. У новым годзе мы будзем рабіць усё магчымае, каб культурнае жыццё раёна было больш разнастайным і цікавым.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *