Умовы аднолькавыя, а вынікі розныя


Развіццё аграпрамысловага комплексу ў бягучай пяцігодцы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі на 2005 – 2010 гады, а таксама з іншымі дзяржаўнымі праграмамі, якія прадугледжваюць павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, эфектыўную вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання ў аб’ёмах, дастатковых для ўнутранага рынку і актывізацыі экспарту.


У апошнія гады станоўчыя змены адбыліся і на Прыдзвінні, у тым ліку ў галіне жывёлагадоўлі. Летась, напрыклад, рост валавай прадукцыі жывёлагадоўлі да ўзроўню 2008 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна склаў 13%. Вырошчванне буйной рагатай жывёлы павялічылася на 14,9%, свіней – на 1,1%, малака – на 12,1%. На 16,6% павялічыліся аб’ёмы рэалізацыі жывёлы і птушкі, на 14,4% — малака. У цэлым па раёне дасягнуты рост колькасці буйной рагатай жывёлы на 1113 галоў, свіней – на 49, прыплоду цялят – на 343 галавы.


Але гэта ў цэлым па раёне, па гаспадарках малюнак не такі прыгожы, назіраецца стракатасць у паказчыках, хаця працуюць калектывы ў аднолькавых умовах. На гэту акалічнасць увагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістаў упраўлення райсельгасхарчу звярнуў старшыня раённага выканаўчага камітэта Леанід Канстанцінавіч Пянькоўскі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, дзе абмеркаваны вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за 2009 год і ход зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах Прыдзвіння.


На разгляд раённай улады пытанне вынесена нездарма, бо менавіта мяса і малако для сельгасвытворцаў – асноўная крыніца паступлення грошай на рахунак гаспадарак, якія так неабходны для выплаты заработнай платы, вырашэння шматлікіх гаспадарчых праблем. 3903 кг малака на карову – нядрэнны ўдой, як і 560-грамовыя сярэднясутачныя прывагі. Але рэзервы для павышэння гэтых паказчыкаў, зазначыў Л. К. Пянькоўскі, у жывёлаводаў раёна ёсць.


Нягледзячы на тое, што павялічаны аб’ёмы вытворчасці, рэалізацыя прадукцыі і прадуктыўнасць жывёлы, раён мае толькі сярэднеабласныя паказчыкі і вельмі высокастратную вытворчасць малака і мяса. Сёння ніжэй сярэднераённага ўзроўню тэмпы росту валавай прадукцыі ў ПУП “Свіціна-ВМК”, СВК “Палітаддзелец”, КСПУП “Нізгалава”, ПУП “АграВітВін”.


Па вытворчасці малака ў 2009 годзе ніжэй сярэднераённага ўзроўню па тэмпах росту спрацавалі чатыры сельгаспрадпрыемствы: СВК “Бачэйкава” (111%), СВК “Палітаддзелец” (103%), КСПУП “Нізгалава” (101%), ПСУП “ААБ Наватар” (110%).


Не паўсюль стабільная і прадуктыўнасць дойнага статка. У ПУП “Свіціна-ВМК”, СВК “Плісы”, напрыклад, летась у параўнанні з 2008 годам надаілі на карову на 1,5 кг меней. У РКУПСГП “Астроўна”, СВК “Бачэйкава”, ПУП “АграВітВін” сутачны ўдой на карову ніжэйшы за 8 кг, што яўна недастаткова для таго, каб выканаць даведзенае на 2010 год заданне – 4280 кг.


Начальнік аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення райсельгасхарчу А. М. Долгі, які выступаў са справаздачай, акцэнтаваў увагу і на якасці прадукцыі. Таварнасць малака па раёне склала 82%. У СВК “Плісы”, КСПУП “Нізгалава”, РКУПСГП “Астроўна” яна ніжэйшая за 80%. У СВК “Бачэйкава” 87 тон малака, у КСПУП “Нізгалава” 11,5 тоны рэалізаваны насельніцтву.


Нізкай якасці ў 2009 годзе паступала малако на малакапрыёмны пункт з СВК “Плісы”, КСПУП “Нізгалава”. Па раёне толькі 1,7% малака ад агульнай рэалізацыі прададзена гатункам “Экстра”.


Як зазначыў Аляксандр Міхайлавіч, не прынялі належных мер па вытворчасці валавых прывагаў буйной рагатай жывёлы і не атрымалі сярэдняй па раёне прыбаўкі ў СВК “Палітаддзелец”, СФ “Вядзерава”ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст №1 г. Віцебска”, ПУП “АграВітВін”, СВК “Плісы”. У ПУП “Свіціна-ВМК” валавыя прывагі свіней зменшыліся ў параўнанні з папярэднім годам на 1%. Не пралічваецца пакуль выкананне прагнозных паказчыкаў па свінагадоўлі і ў 2010 годзе.


Адной з праблем у сельскагаспадарчай вытворчасці застаецца і захаванне жывёлы. Летась на 2-6% адпаведна знізілі колькасць буйной рагатай жывёлы ў СВК “Палітаддзелец”, КСПУП “Нізгалава”. Вялікі працэнт выбыцця кароў дапушчаны ў ПСУП “ААБ Наватар”, СВК “Бачэйкава”, СВК “Плісы”, ПУП “Свіціна-ВМК” – ад 50 да 328 галоў.


Высокі працэнт непрадукцыйнага выбыцця жывёлы з году ў год, зазначаюць спецыялісты, па прычыне грубага парушэння зааветэрынарных нормаў і правілаў у кармленні і ўтрыманні маладняку дапускаецца ў СВК “Плісы”, ПУП “Свіціна-ВМК”, СФ “Вядзерава” ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст №1 г. Віцебска” (12,2%), СВК “Палітаддзелец”, РКУПСГП “Астроўна” (9,5%).


Больш за 20% жывёлы ад агульнай рэалізацыі прадалі насельніцтву ў РКУПСГП імя Каранеўскага, РКУПСГП “Астроўна”.


Па аднаўленні статка летась дрэнна спрацавалі ў “АграВітВіне” і “Вядзераве”, дзе недаатрымалі 70 і 25 галоў цялят да 2008 года адпаведна.


У СВК “Бачэйкава”, СВК “Плісы”, КСПУП “Нізгалава”, РКУПСГА імя Каранеўскага пад ацёлы 2010 года зніжаны аб’ёмы асемянення цялушак ад 5 да 85 галоў.


Недастатковыя меры прымаюцца і па зніжэнні ялавасці кароў у ПУП “Свіціна–ВМК”, СВК “Бачэйкава”, СВК “Плісы”, РКУПСГП “Астроўна”, дзе страты ад ялавасці кароў склалі больш за сто мільёнаў рублёў у гаспадарцы.


Жывёлагадоўля – аснова сельскай гаспадаркі. Гэта пацвярджае і падтрымка, якая аказваецца сельгасвытворцам з боку дзяржавы. У краіне ўзводзяцца новыя фермы і комплексы, рамантуюцца старыя, паціху ідзе іх тэхнічнае пераўзбраенне, становіцца менш ручной працы. Новыя жывёлагадоўчыя аб’екты летась з’явіліся і ў нашым раёне: фермы ў Вядзераве і Клешчыно, рэканструяваны комплекс у “Палітаддзельцы”. Праведзены рамонт і тэхнічнае перааснашчэнне 15 жывёлагадоўчых аб’ектаў, набываюцца кормараздатчыкі, новае халадзільнае абсталяванне.


Але жывёла патрабуе яшчэ і штодзённага клапатлівага догляду. Калі яго не стае, пра павелічэнне вытворчасці прадукцыі і думаць не варта. Таму так важныя адказныя адносіны да справы ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі: ад кіраўнікоў да даярак і жывёлаводаў. На жаль, яны ёсць не паўсюль. Як не паўсюль захоўваецца тэхналагічная дысцыпліна, існуе матывацыя працы жывёлаводаў, створаны ўмовы для працы і адпачынку людзей.


Асобных спецыялістаў на ферме, як кажуць, днём з агнём не адшукаеш, а менавіта яны павінны сачыць за захаваннем тэхналагічнай дысцыпліны, якасцю прадукцыі.


За пралікі ў рабоце адказ трымаць давялося даваць як галоўнаму ветурачу раёна Р. Р. Ждановічу, спецыялістам райсельгасхарчу, так і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў: А. М. Крышыну (СВК “Палітаддзелец”), А. А. Мацкевічу (ПУП “Свіціна-ВМК”), В. М. Долгаму (КСПУП “Нізгалава”), Д. В. Пятрашку (ПСУП “ААБ Наватар”) і іншым. Тое,  што буйнейшыя гаспадаркі раёна здаюць пазіцыі, недапушчальна. “Піхаць у спіну” людзей, якія не жадаюць  працаваць, ніхто не будзе. Заданні  на 2010 год даведзены рэальныя, іх трэба выконваць.


На пасяджэнні райвыканкама абмеркаваны таксама меры па папярэджванні гібелі людзей на пажарах, прааналізавана работа Астровенскага  і Соржыцкага сельскіх выканаўчых камітэтаў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, навядзенні парадку на зямлі.