З гісторыі Бачэйкава


Сярод дарэвалюцыйных падзей варта адзначыць выданне ў 1905 годзе ў Віцебскай друкарні кнігі В. П. Цеханавецкага “Хроніка аднаго памесця”,  копія якой ёсць і ў мяне, а падарыў мне яе Анджэй Цеханавецкі, які прыязджаў у Бачэйкава ў 1988 годзе.

“Хроніка аднаго памесця”

Аналізуючы архіўныя матэрыялы, В. П. Цеханавецкі расказаў пра асноўныя гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў Бачэйкаве з пачатку 15-га стагоддзя. Гэта дазваляе нам сёння зазірнуць у гісторыю роднага краю, мець уяўленне аб тым, як жылі раней нашы продкі. У кнізе названы самыя старажытныя прозвішчы людзей  нашага краю: Шыпулі, Талстыя, Гайдукі, Алейнікі, Ляўковічы, Крэйды, Дзятлы, Краскі, Зайцы, Панкевічы і іншыя. Трэба адзначыць, што ў гэтыя гады значныя поспехі ў памесці меліся ў пчалярстве і садоўніцтве. На землях, якія размяшчаліся побач з маёнткам, раслі фруктовыя дрэвы і ягаднікі. У аранжарэі – экзатычныя паўднёвыя расліны. Садаводы Фатыні, Двор Нізгалава і Бачэйкава абменьваліся паміж сабой новымі гатункамі яблынь і груш.

Мясцовая жыхарка ў 50-х гадах 20 стагоддзя расказвала мне, што маладых дзяўчат за плату восенню запрашалі збіраць яблыкі, ігрушы, ягады, асобныя гатункі якіх захаваліся да нашых дзён.

У 70-х гадах 20 стагоддзя на тэрыторыі школы быў разабраны драўляны будынак, які захоўваўся з тых далёкіх часоў. Жыхары Бачэйкава называлі яго пчальніком. Раней тут зімавалі пчолы, вырабляўся і захоўваўся пчаліны інвентар, а ў адным з пакояў выпампоўвалі мёд з пчаліных сотаў. Ведамі аб садоўніцтве і пчалярстве ў памесці ахвотна дзяліліся з сялянамі, якія праяўлялі да гэтага цікавасць.

За зямлю, за волю

Зямельнае пытанне для сялян у Расіі напярэдадні  рэвалюцыі 1917 года было самым вострым. Георгій Цеханавецкі атрымаў у спадчыну ад бацькі і дзядзькі Баляслава 831 дзесяціну зямлі і 520 дзесяцін лесу. Кожная сялянская сям’я Бачэйкаўскай воласці мела ў сярэднім 4 дзесяціны зямлі. Яшчэ ў 3-й Дзяржаўнай думе Расіі дэпутат ад Полацкага ўезду Фёдар Дубровін з трыбуны гаварыў: “… колькі спрэчак не вядзіце, давядзецца гэту зямлю нам аддаць”.

Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года Ленінскі дэкрэт аб зямлі вырашыў гэта пытанне. Ужо ў лістападзе 1917 года ў Бачэйкаўскую воласць прыбыў матрос Балтыйскага флоту, які ўзначаліў камісію па раздзелу зямлі, якая належыла Г. В. Цеханавецкаму. Старажылы вёскі Клешчыно расказвалі, што навакольныя землі дзялілі па колькасці едакоў у кожнай сям’і.

На тэрыторыі былога памесця быў арганізаваны саўгас. Гэтай калектыўнай гаспадарцы былі перададзены і бліжэйшыя навакольныя землі, жывёла, інвентар і ўсе пабудовы. Праўда, праіснавала гэта калектыўная гаспадарка толькі тры месяцы. У лютым 1918 года Бачэйкава і ўсю тэрыторыю да ракі Свячанка занялі нямецкія войскі, яны і разрабавалі маёмасць саўгаса.

Летам 1918 года былі разрабаваны і родавыя могілкі Цеханавецкіх: злодзеі шукалі ў склепах магчымыя каштоўнасці. Пасля таго, як нямецкія войскі пакінулі вёску, восенню 1918 года былыя работнікі памесця (43 чалавекі) аднавілі калектыўную гаспадарку. Вялікіх поспехаў у далейшым яна не дасягала, у 1937 годзе была ліквідавана, а землі і маёмасць былі перададзены суседнім гаспадаркам.

У гэтым жа 1937 годзе на базе памяшканняў саўгаса была створана машынна-трактарная станцыя, якая стала абслугоўваць усе калгасы Свячанскага, Бачэйкаўскага і Сокараўскага сельсаветаў. Калгас у Бачэйкаве быў створаны восенню 1929 года, 80 гадоў таму назад.

У 1925 годзе ў вёсцы быў адкрыты дзіцячы дом для безнаглядных дзяцей, якія жылі на другім паверсе палаца. А на першым паверсе размяшчалася школа, якая пазней стала сярэдняй. Першы яе выпуск адбыўся ў 1941 годзе. Юнакі, атрымаўшы атэстаты аб сярэдняй адукацыі, адразу пайшлі на фронт абараняць Радзіму.

На левым беразе ракі ў 30-я гады мінулага стагоддзя працавала пачатковая школа. Узначальваў яе Г. Васільеў, узнагароджаны за актыўную асветніцкую дзейнасць сярод дарослага насельніцтва і дзяцей ордэнам Леніна.

Міхаіл ПЕТРАЧЭНКА, гісторык-краязнаўца



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *