З надзеяй на лепшае


У 2009 годзе бытавая служба раёна выканала пастаўленыя перад ёй задачы. Па словах інжынера-тэхнолага РКБА Зінаіды Іванаўны Пунчанкі,  9 КПП за 11 месяцаў года атрымалі 105,4 мільёна рублёў, тэмп росту складае 136,4% у супастаўных цэнах да мінулага года.


Сярод лідэраў – Астровенскі і Ржаўскі КПП, якімі загадваюць Нона Аляксандраўна Чапурка і Святлана Сцяпанаўна Радзюк. Выніковую працу таксама дэманструюць гаспадыні КПП аграгарадкоў Дразды і Камоскі Інна Васільеўна Мірановіч і Валянціна Пятроўна Аксюта.


На вёсцы выконваюцца ўсе 11 сацыяльна-значных стандартаў. Найбольшым попытам у насельніцтва карыстаюцца такія паслугі бытавікоў, як пашыў і рамонт адзення і абутку, рытуальныя паслугі. Наладжаны рамонт складанай бытавой тэхнікі. Па дагавору тэлевізары рамантуе віцебскі “Гарант”, а рамонтам халадзільнікаў займаецца “Вітрэмбыт”. Прыйшоўся дарэчы рамонт мяккай мэблі, назіраецца павелічэнне попыту на гэтую паслугу.


Як сапраўдны гаспадар дбае пра свой дабрабыт, так і бытавікі адшукваюць новыя шляхі для забеспячэння эканамічнай трываласці прадпрыемства. Сёлета тут асвоілі ліццё жалезабетонных канструкцый агароджы і выраб тратуарнай пліткі. Набылі “МАЗ”, аказваюць транспартныя паслугі грамадзянам па перавозцы аб’ ёмных грузаў. Швейны цэх РКБА працуе ў тандэме з віцебскай фабрыкай “Сцяг індустрыялізацыі”, заключаны дагавор на пашыў рабочых касцюмаў, у сувязі з чым бытавікі пашыраюць вытворчасць і набіраюць швачак.


Адным словам, працуюць  на перспектыву. У першым квартале 2010 года плануюць прапанаваць прыдзвінцам не толькі перацяжку мяккай мэблі, але і змяненне яе дызайну. У бліжэйшым будучым вывучаецца магчымасць арганізацыі ліцця помнікаў, абуладкавання дрэваапрацоўчага цэху.