Людзі павінны мець усё неабходнае


Хутка выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Таму дваццатая сесія  раённага Савета дэпутатаў 25-га склікання, якая прайшла ў мінулы аўторак у сельскім Доме культуры аграгарадка Вярхоўе, у нейкім сэнсе падвяла вынікі работы дэпутацкага корпуса, які быў і застаецца надзейнай апорай выканаўчай улады ў вырашэнні ўсіх задач па забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва.


Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Н. В. Журко, якая выступіла са справаздачай аб сваёй рабоце, дзейнасці прэзідыума і стане спраў  на тэрыторыі раёна, за апошнія гады на Прыдзвінні зроблена нямала станоўчага ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. Удасканальваецца ўзаемадзеянне мясцовых органаў улады, каб было лягчэй паслядоўна вырашаць актуальныя праблемы насельніцтва, захоўваецца стабільная грамадска-палітычная сітуацыя, дасягаецца станоўчая дынаміка ў рэальным сектары эканомікі і сацыяльнай сферы, выкананы асноўныя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, паляпшаецца дабрабыт людзей.


Хаця праблемныя моманты застаюцца. У ліку іх Ніна Васільеўна назвала адсутнасць асвятлення на частцы вуліцы Чарняхоўскага, вуліцы Будаўнікоў, неабходнасць добраўпарадкавання грамадскіх могілак у райцэнтры, асфальтаванне вуліцы Меліярацыйнай у аграгарадку Бачэйкава і іншыя. Усе яны застаюцца на кантролі, павінны стаць зыходным пунктам у рабоце для новага складу дэпутацкага корпуса, прыярытэтнымі для кіраўніцтва раёна.


Высокую адзнаку атрымала работа старэйшын населеных пунктаў, сельскіх камітэтаў, якія таксама адчуваюць сваё дачыненне да вырашэння праблем аднавяскоўцаў, ведаюць іх лепей, чым хто іншы.


За апошнія гады значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база сельсаветаў, вырашаны многія праблемы па асвятленні населеных пунктаў, энергазберажэнні. Як прагучала на пасяджэнні, толькі за кошт набыцця і ўстаноўкі рэле часу, напрыклад, зменшылася на 12,7% спажыванне электраэнергіі, якая выкарыстоўваецца для асвятлення населеных пунктаў.


Належным чынам вырашаліся пытанні водазабеспячэння, перадачы на баланс “Бешанковіцкага водаканала” сельскіх водаправодных сетак, добраўпарадкавання, расчысткі дарог ад снегу, будаўніцтва жылля, забеспячэння сацыяльных стандартаў, хаця  і існуе праблема недахопу ўрачоў агульнай практыкі, ва ўстановах культуры – стацыянарнай кінавідэапраекцыйнай апаратуры і г. д.


Створаны амаль 300 новых рабочых месцаў, у той жа час у асобных калектывах нізкай застаецца зарплата. Менш за 200 долараў ЗША, напрыклад, сёння атрымліваюць бытавікі, працаўнікі каапнарыхтпрама, сельгаспрадпрыемстваў імя Каранеўскага, “Астроўна”, “Бачэйкава”, “Плісы”, “АграВітВін”, “Нізгалава”, “Бешанковічы аграсервіс” і  іншых.


Якасць жыцця чалавека ў многім вызначаецца тым, наколькі камфортна яму жыць, працаваць, адпачываць. Таму ў рабоце народных абраннікаў важна ўсё. Як стварэнне належных умоў для працы, быту і адпачынку, знос трухлявых дамоў, папярэджванне надзвычайных сітуацый, так і рэалізацыя патрабаванняў Дэкрэта №18, выкананне патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 і №2, прынятых раней рашэнняў раённага Савета дэпутатаў, развіццё асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян, арганізацыя закупу лішкаў сельгаспрадукцыі ў насельніцтва, пытанні кантрактацыі маладняку буйной рагатай жывёлы, догляд пашаў, ход падрыхтоўкі да святкавання 65-годдзя Вялікай Перамогі і г. д.


У абмеркаванні пытанняў прынялі ўдзел дэпутаты раённага Савета дэпутатаў А. А. Пашкевіч, С. А. Лазука, А. М. Семяніда, Я. У. Палеснікаў, І. І. Шавель.


На парадак дня выносіліся і іншыя пытанні, якія датычыліся жыццядзейнасці раёна. У прыватнасці, на сесіі зацверджаны раённая комплексная праграма “Кадры” на бліжэйшую пяцігодку, справаздача аб выкананні раённага бюджэта ў 2009 годзе, стаўкі зямельнага падатку на нерухомасць для асобных катэгорый грамадзян.


Н. В. Журко шчыра падзякавала дэпутатаў за плённую працу, за ўзаемаразуменне ў выпрацоўцы і прыняцці важных дакументаў і рашэнняў. Падзяка прагучала і ў адрФас раённага выканаўчага камітэта, яго старшыні Л. К. Пянькоўскага, з боку якіх заўсёды адчувалася падтрымка, гучалі добрыя парады.


Безумоўна, работа гэта будзе ўдасканальвацца і ў будучым, бо ад агульнага ўзаемадзеяння залежыць самае галоўнае – комплекснае рашэнне актуальных пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, якасць жыцця людзей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *