На вясну спадзявайся, але і сам не рабі промаху


У матэрыяле “Сюрпрызы надвор’я” за подпісам намесніка начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях С. Воранава прагучала крытыка ў адрас камунальнай службы, дзе, па меркаванні аўтара, не была наладжана як след работа па ачыстцы дахаў дамоў ад снегу і ледзяшоў.


Як вядома, няшчасныя выпадкі па гэтай прычыне ў рэспубліцы ўжо не раз мелі месца. Таму і было прынята распараджэнне “Аб прыняцці мер па недапушчэнні надзвычайных сітуацый”, у якім кіраўнікам устаноў і арганізацый раёна ўказана на неабходнасць
правядзення такой работы.


Як гаворыцца ў лісце ў рэдакцыю за подпісам дырэктара УКП ЖКГ “Бешанковіцкі камунальнік” І. Г. Сліўца, работы па ачыстцы дахаў ад снегу і ледзяшоў на будынках камунальная служба распачала яшчэ ў студзені месяцы. З 17 лютага “Бешанковіцкі камунальнік” штодзень інфармуе РАНС пра колькасць людзей, якія задзейнічаны на ўборцы снегу, колькасць тэхнікі, колькасць і плошчу дахаў, ачышчаных ад снегу.


Сіламі работнікаў  “Бешанковіцкага камунальніка” снег не менш аднаго разу ачышчаўся на 36 плоскіх дахах, што складае 100% ад неабходнага,  і на 35 схільных  – 47,25% ад усіх дахаў дадзенай канструкцыі.


Спецыялістамі камунальнай службы былі абследаваны і адрамантаваны ўсе інжынерныя канструкцыі дахаў, якія неабходна было ўмацаваць ці ажыццявіць іх замену.


Праўда, з ледзяшамі змагацца больш складана, бо яны часта ўтвараюцца ў цяжкадаступных месцах, а УКП ЖКГ не мае ўласнай аўтавышкі. Каб ліквідаваць праблему, служба арандавала вышку ў Бешанковіцкім РЭСе, Ціраспальскай ПМК г. Віцебска. Работнікі камунальнай службы агарадзілі перасцерагальнымі стужкамі небяспечныя зоны ля дамоў у райцэнтры, устанавілі, дзе трэба, адпаведныя аншлагі.


Праблема ў іншым. У тым, што самі гараджане часта ігнаруюць перасцерагальныя элементы. Таму камунальная служба просіць жыхароў раёна быць больш уважлівымі і пільнымі ў час руху ля будынкаў, на дахах якіх яшчэ ляжыць снег.


Пра ўзнікненне на іх наледзі, ледзяшоў глыбаў снегу, якія навіслі і пагражаюць людзям, паведаміце ў дыспетчарскую службу “Бешанковіцкага камунальніка” па тэлефоне 4-21-78.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *