Настаўнік на ўсё жыццё


Прафесія настаўніка фізічнай культуры з аднаго боку цікавая, а з другога – цяжкая. Яна патрабуе вялікай аддачы, творчасці, спрыту. Фізічнае выхаванне мае комплексны характар і ўключае ў сябе не толькі арганізацыю вучэбнай дзейнасці па прадмету, але і фізкультурна-аздараўленчай работы ў рэжыме вучэбнага дня, а таксама пазакласных фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў. З гэтай задачай паспяхова спраўляецца Валянціна Мікалаеўна Доўгая, настаўнік фізічнай культуры Каранеўскай школы.


Нарадзілася Валянціна Мікалаеўна ў Віцебску, але ўсё сваё свядомае жыццё пражыла ў вёсцы. Пасля заканчэння ў 1971 годзе Віцебскага фізкультурнага тэхнікума яна была накіравана ў Вяжышчанскую васьмігадовую школу, якая з 1973 года стала называцца Каранеўскай васьмігадовай, з 1991 года стала сярэдняй.


У 1992 годзе Валянціна Мікалаеўна завочна скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут ім. С. М. Кірава. Каранеўская школа стала для яе родным домам. Тут кавалася яе прафесійнае майстэрства, у 1998 годзе настаўніцы была прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя.


Валянціна Мікалаеўна – творчы настаўнік. Пабыўшы на ўроках фізічнай культуры ў Каранеўскай сярэдняй школе, разумееш, якую вялікую ролю адыгрывае прадмет “Фізічная культура і здароўе” ў фарміраванні здаровага ладу жыцця, у развіцці фізічных якасцей навучэнцаў. Невыпадкова вучні Валянціны Мікалаеўны становяцца пераможцамі ў розных відах спорту на раённых спаборніцтвах, удзельнічаюць у абласных. Валянціна Мікалаеўна ўмее зацікавіць дзяцей, яе ўрокі праходзяць на высокім метадычным узроўні, на іх выкарыстоўваюцца прыёмы сучасных педагагічных тэхналогій.


Трэба адзначыць, што Валянціна Мікалаеўна праводзіць вялікую фізкультурна-аздараўленчую і спартыўна-масавую работу. Як гараць вочы дзяцей, калі яны ўдзельнічаюць у розных спартландыях, спартыўных святах! У школе кожную другую суботу месяца праводзяцца Дні здароўя.


Вопыт Валянціны Мікалаеўны Доўгай па арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў рамках шостага школьнага дня абагульняўся на раённым і абласным узроўнях. Педагог актыўна ўдзельнічае ў рабоце раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры, шчодра дзеліцца сваім вопытам з маладымі калегамі, неаднаразова была ўзнагароджана Граматамі раённага аддзела адукацыі, каштоўнымі падарункамі. Але галоўнае для яе было і застаецца – любоў вучняў, павага калег і бацькоў.
                                                                                                                                              Н. СІНІЦКАЯ, метадыст ВМК  райаддзела адукацыі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *