Са спортам па жыцці


Многія  жыхары прыдзвінскага краю добра ведаюць аднаго са старэйшых спартсменаў раёна Валерыя Сяргеевіча Сінкевіча (на здымку).


Захапіўся спортам Валерый  яшчэ ў час вучобы ў Бешанковіцкай сярэдняй школе ў  пасляваенны час. Падабаліся яму розныя віды, але перавагу аддаваў цяжкай атлетыцы. У сваёй вагавай катэгорыі юнаку не было роўных не толькі ў школе, але і ў раёне. Паспяхова выступаў ён і на абласных спаборніцтвах.


З дыпломам аб сярэдняй адукацыі Сінкевіч па закліку камсамола паехаў у 1956 годзе аднаўляць разбураныя вайной шахты Данбаса. Працаваць давялося забойшчыкам у  вугальнай шахце. Нягледзячы на вялікую занятасць, ён знаходзіў час, каб трэніравацца. Настойлівасць прынесла жадаемы вынік.


На першынстве Данецка 1956 года Валерый Сінкевіч стаў чэмпіёнам горада ў вагавай катэгорыі да 75 кілаграмаў. Гэта ганаровае званне ён пацвярджаў і ў наступныя два гады.


Не развітаўся юнак з цяжкай атлетыкай і ў час службы ў арміі. Ён неаднаразова станавіўся чэмпіёнам дывізіі, у  якой служыў, прызёрам першынства сярод ваеннаслужачых групы савецкіх войскаў у Германіі.


Пасля дэмабілізацыі са службы ў 1964 годзе Валерый Сяргеевіч стаў працаваць  выкладчыкам фізічнай культуры ў Ульскай сярэдняй школе, завочна скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры.


Заняткі ў школе прыносілі вялікае задавальненне. На ўроках Сінкевіча хлопчыкі і дзяўчынкі развіваліся, загартоўвалі арганізм. Атрыманыя навыкі юныя у спартсмены ўдасканальвалі і развівалі на занятках  у  спартыўных секцыях. Гэта прыносіла добрыя вынікі. Не раз выхаванцы вопытнага педагога станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых спаборніцтваў па розных відах спорту, абаранялі гонар раёна ў вобласці.


За старанную і плённую працу па фізічнай падрыхтоўцы падрастаючага пакалення выкладчык фізічнай культуры Ульскай сярэдняй школы Валерый Сяргеевіч Сінкевіч адзначаны высокай урадавай узнагародай – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.


Не сядзіцца Валерыю Сяргеевічу дома і на заслужаным адпачынку. Не такі ў яго характар, каб сядзець, склаўшы рукі. Ён з задавальненнем займаецца з юнакамі ў Ульскім прафтэхліцэі, рыхтуе іх да службы ва Узброеных Сілах.  Нягледзячы на свой 70-гадовы ўзрост,  прымае ўдзел у раённых спаборніцтвах. Нядаўна, напрыклад, яму не было роўных на раённым спаборніцтве “Беларуская лыжня” ва ўзроставай групе да 70 гадоў.


Спорт загартаваў Валерыя Сяргеевіча. Без спорту ён не ўяўляе свайго жыцця.


                                                                              Леанід АКУЛЁНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *