У зоне трывогі


У нашым “трывожным” спісе значыліся 14 сем’яў, якія мы павінны былі наведаць у час рэйдавай праверкі па Соржыцкаму сельсавету. Праходзіла яна ў рамках акцыі “Сям’я без насілля”. 6 сем’яў жывуць у мікрараёне  Каранеўскай СШ, 8 – Сініцкай сярэдняй школы. Таму ў час рэйду да нашай групы, у склад якой, апрача карэспандэнта “Зары”, уваходзілі намеснік дырэктара Цэнтра пазашкольнай работы А. В. Ючковіч, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх А. А. Мацуганаў, далучыліся педагог-псіхолаг Каранеўскай СШ С. Э. Марціновіч і Т. Л. Мацвеева з Сініцкай СШ.


Гэта шчаслівыя сем’і падобныя адна на адну, у нядобранадзейных у кожнай свае праблемы. Алена Уладзіміраўна з Соржыцы — маці пецярых дзетак. Старэйшыя былі ў школе, Аня і Дзіяна — дома, у садзік не паехалі, бо быў сапсаваны школьны аўтобус. Дзеткі дагледжаны, у хаце парадак, маці працуе на ферме. Праблема ў іншым. Бацька дзяцей  неналежным чынам выконвае свае абавязкі, схільны да ўжывання спіртных напояў, здараецца, скандаліць. Таму і ўзята сям’я на кантроль. Усё ж гэта бачаць малыя…


Шматдзетная сям’я і ў Наталлі Аляксандраўны, трое школьнікаў. На падворку вялікая гаспадарка. А бацька і тут зазірае больш у шклянку з гарэлкай, чым глядзіць на тое, у чым маюць патрэбу дзеці. Мужчына нідзе не працуе, хаця зарабляць сродкі на іх утрыманне – яго прамы абавязак.


— Што рабіць, гарэлка цяпер калечыць людзей, — уздыхае жанчына, якая вымушана трымаць дом на сваіх кволых плячах. – Спіртное і разбурае сем’і, ад яго жыцця няма…


 — У нашай школе 70 дзяцей, 6 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у іх выхоўваюцца  13 непаўналетніх, — расказвае С. Э. Марціновіч.  — Атрымліваецца, кожнае шостае дзіця пакутуе з-за бацькоўскай няўвагі, абыякавасці, неналежных адносін да тых, каму самі далі жыццё…


Ад паводзін Наталлі, напрыклад, церпяць не толькі яе дзве дачушкі, але і маці-пенсіянерка, якая, як рыбіна аб лёд, б’ецца, каб дапамагчы падняць на ногі ўнучак, каб у яе крывіначкі ўсё было, як у добрых людзей. Але ўсе яе спробы разбіваюцца аб сцяну раўнадушша, якую ўзвяла вакол сябе маладая жанчына.
Наталля п’е, ігнаруе ўсіх і ўсё. Дайшло да таго, што дзяцей хацелі забраць у прытулак. Толькі тады яна задумалася, кінула піць, згадзілася прайсці курс лячэння.


Сям’я Святланы Віктараўны з вёскі Дуброва ў поле зроку камісіі трапіла даўно. Быць у іх доме даводзілася не раз. 


— На ўлік паставілі правільна, — кажа бацька-пенсіянер, — было за што… 


У гэтай шматзначнасці прагучаў адказ на ўсе пытанні, якія хацелася задаць маладой жанчыне і пра чорныя сцены, і пра чорную столь, пра адсутнасць элементарнай утульнасці, якую могуць стварыць пры любым дастатку сям’і толькі клапатлівыя жаночыя рукі.


У час рэйду з усімі сем’ямі былі праведзены гутаркі  пра здаровы лад жыцця, аб адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей. Парадавала адно, што ўсе бацькі былі цвярозыя. А цвярозы чалавек на жыццё глядзіць зусім па-іншаму…


На здымках: рабочыя групы з ліку супрацоўнікаў РАУС, РАНС, упраўлення па працы, медыкаў, педагогаў, культработнікаў, журналістаў выязджаюць у рэйды кожны чацвер, каб валодаць сітуацыяй у сем’ях, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы ці адносяцца да групы рызыкі; Аня і Дзіяна ведаюць, іх матуля не пакрыўдзіць. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *