“Іншай долі не хачу”


На мінулым тыдні надвор’е радавала хлебаробаў цёплымі дзянькамі і давала шанц набраць тэмпы на  яравым палетку. У дзень гаспадаркі раёна атрымлівалі прыбаўку ў 300-400 гектараў, хаця ёсць магчымасць
паказаць і большую выпрацоўку з улікам якасці сяўбы.


У механізатара ПУП “Свіціна-ВМК” Сяргея Віктаравіча Шчукі (на здымку)  гэта атрымліваецца. У чацвер,  напрыклад, малады хлебароб за змену пасеяў 43 гектары яравых зерневых. У рабоце яму дапамагаюць старанне, аптымізм і вялікае жаданне прыносіць карысць гаспадарцы.


Мы засталі Сяргея за работай на полі паміж вёскамі Селішча і Драбушова, круг за кругам сеяў ён зярняткі ячменю гатунку “Бровар” у шчодрую глебу…


— Родам я з суседняй вёскі Шчукі, — расказвае Сяргей Віктаравіч. – Зараз жыву ў Вярхоўі. Вырас на зямлі і іншай долі шукаць не стаў. Ужо дзесяты год працую ў гаспадарцы.  Пачынаў памочнікам камбайнера, потым асвоіў трактар — і справа заладзілася. Летась мне далі новы энерганасычаны “МТЗ-3022”. Другую пасяўную працую на ім, імкнуся апраўдаць давер кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.


Сёлета з-за ўмоў надвор’я палявыя работы “спазніліся” на некалькі дзён. Цяпер трэба пастарацца, каб паспець адсеяцца ў тэрмін. Вось і імкнуся зрабіць за змену як мага болей. Умовы ж для нас створаны добрыя, наладжана двухразовае гарачае харчаванне. Я ўсім задаволены, скардзіцца няма на што.


Сяргей адным з першых у ПУП “Свіціна-ВМК” прыступіў да сяўбы збожжа. Услед за яго АПП-6А ў работу ўключыліся сеялка “Лемкен” і СЗУ-3,6, у дзве змены вядзецца падрыхтоўка глебы. Адным словам, вярхоўскія хлебаробы нацэлены быць сёлета з хлебам. На 16 красавіка імі было пасеяна 170 гектараў зерневых. Усяго ж пад яравы палетак тут адведзена 1100 гектараў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *