Каб атрымаць важкі ўраджай


Сёлетняя пасяўная кампанія пачнецца пазней, чым летась,  таму павінна прайсці ў аптымальна сціслыя тэрміны. Зямля пакуль не прагрэлася да патрэбнай тэмпературы, каб даць магчымасць хлебаробам распачаць масавую сяўбу, ды й не ўсюды можна ўехаць на поле.


Між тым сельгасработы на палетках раёна актывізуюцца. На 31 сакавіка, напрыклад, было падсеяна 1325 гектараў шматгадовых траў, 30 гектараў іх падкормлена азотам. Такія ж работы праведзены на 153 гектарах сенакосаў і пашаў, падкормлены 60 гектараў рапсу.


Шмат клопатаў у гэты перыяд і ў адной з буйнейшых гаспадарак раёна  — ПУСП “ААБ Наватар”. Засядзеліся земляробы без справы, чакаюць цяпла і пачатку пасяўной, а пакуль вырашаюць іншыя вытворчыя задачы.


— З аўторка апрабоўваем у справе комплекс “Раса”, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Дзяніс Уладзіміравіч Церашкоў. — Сучасную тэхніку задзейнічалі на падкормцы азотам сенакосаў і пашаў. За руль пасадзілі вопытнага, хаця і маладога, механізатара Сяргея Віктаравіча Кульгавага. Ён хутка асвоіўся ў рабоце і за дзень падкарміў пашу плошчай 50 гектараў. У сераду земляроба перакінулі на поле ля вёскі Саннікі, дзе распачалі ўнясенне  КАС на азімыя палеткі зерневай групы. У памочнікі Кульгаваму далі Васіля Васільевіча Белага, які займаецца падвозкай угнаенняў.


Наватарцы сёлета робяць стаўку на культуру земляробства і якасць работ, без гэтага вялікага ўраджаю не сабраць. Тым больш, што ў бліжэйшы час ім давядзецца падкарміць 1500 гектараў азімага збожжа і 500 – рапсу. А хутка і сяўба стартуе…


На здымку: С. В. Кульгавы лёгка ўпраўляецца з “Расой”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *