Лагер змяніў гаспадара


Перыяд летняга адпачынку дзяцей не за гарамі. Падрыхтоўка да аздараўленчай кампаніі ў раёне ўжо пачалася, абноўленым сустрэне хлопчыкаў і дзяўчынак дзіцячы лагер “Арляня”, што ў Бараўцах. 1 студзеня 2010 года ён перададзены на баланс аддзела адукацыі райвыканкама.


— У склад лагера ўваходзяць 24 будынкі, — расказвае начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Іван Аляксандравіч Жарабцоў. – Пабудаваны яны ў 1957 годзе, апошнія паўстагоддзя тут не праводзіўся капітальны рамонт, толькі бягучы. База патрабуе істотнага абнаўлення, тым больш, што і патрабаванні санітарнай службы да функцыяніравання адпаведных устаноў даволі высокія, бо рэч ідзе аб здароўі дзяцей.


Райвыканкамам прынята рашэнне правесці мадэрнізацыю лагера ў сціслыя тэрміны метадам “народнай” будоўлі. Гэта значыць, што будаўнічыя арганізацыі раёна атрымалі па аднаму-два аб’екты, якія давядзецца прывесці ў адпаведнасць з санітарнымі нормамі. Рашэннем раённай улады шэфамі за “Арлянём” замацаваны ПМК-41, “Бешанковіцкі рамонтнік”, філіял «Бешанковіцкі лясгас», камунальная служба, а таксама прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці: “Будаўнік” Уладзіміра Леўшунова, “Рдэст” — Аляксандра Дзямешчанкі і даўні наш партнёр —  “Вітдэлас”. Асноўныя работы па рамонце будзе ажыццяўляць гаспадарчая група аддзела адукацыі.


Каб стварыць для малых добрыя ўмовы для адпачынку, новы гаспадар лагера паклапоціцца пра замену мэблі. На гэтыя мэты аддзелам адукацыі скарыстаны ўжо 30 мільёнаў рублёў, закуплены 100 ложкаў і 40 тумбачак. І гэта толькі палова ад патрэбнай колькасці.


Пэўная работа будзе праведзена і па добраўпарадкаванні тэрыторыі лагера. Плануецца азеляніць яе, спілаваць аварыйныя дрэвы, высекчы кустоўе. Работнікі адукацыі правядуць суботнік, на якім зоймуцца афарбоўкай малых архітэктурных формаў і спартыўных збудаванняў.