На рэспубліканскім суботніку


Рэспубліканскі суботнік, прысвечаны 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Году якасці, прайшоў 24 красавіка. Актыўны ўдзел у ім прымалі ўсе арганізацыі і прадпрыемствы раёна.


Прыдзвінцы займаліся добраўпарадкаваннем населеных пунктаў і аграгарадкоў, наводзілі чысціню на мемарыяльных комплексах, месцах баявой і воінскай славы. Так, навядзеннем парадку ў гарпасёлку займаліся каля ста чалавек. Убіралі тэрыторыі ад Кургана Славы і Алеі Славы да цэнтральнага парку, на вуліцы Чарняхоўскага, каля школ і адміністрацыйных будынкаў і г. д. Работнікі камунгасу пафарбавалі на вуліцы Урыцкага і ўстанавілі на вуліцы Валадарскага агароджы, працавалі над пракладкай цеплатрасы па вуліцы Маладзёжнай.


Дапамаглі прыдзвінцы і ПУП “АграВітВін”, СВК “Палітаддзелец”, ПУСП “ААБ Наватар” і ПУП “Свіціна-ВМК”  ва  ўборцы камення з палёў. Толькі з райцэнтра ў гаспадаркі накіраваліся больш за 70 чалавек.


Грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень суботніка, будуць накіраваны на фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці дзеючай і стварэнні дадатковай інфраструктуры аграгарадкоў, каб павысіць якасць жыцця ў вёсцы, а таксама на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезона і добраўпарадкаванне аграгарадкоў.


На здымку: у чаканні свята Вялікай Перамогі. Наводзіцца парадак ля мемарыялаў і памятных месц.