“На зямлі Святой Сафіі”


У старажытным Полацку прайшло абласное свята-конкурс выканаўцаў беларускай песні “На зямлі Святой Сафіі”. Удзел у ім прыняў і наш раён. Вярнуліся з полацкай зямлі культработнікі з узнагародамі.


Мастацкі кіраўнік раённага Дома культуры Вольга Сергіенка ўзяла на конкурсе дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “эстрадная песня”. Вакальнае майстэрства Вольгі прызнана адным з лепшых, хоць пазмагацца ёй давялося з 65 салістамі-вакалістамі. Выконвала яна песні, музыку для якіх напісала дырэктар школы мастацтваў Наталля Эдуардаўна Бондар. Яна таксама атрымала дыплом у намінацыі “самадзейны кампазітар”.


— Мы прадставілі на конкурс дзве кампазіцыі: “Сарока-Пляткарка” на словы Уладзіміра Асокіна і “Моя Вообразимия” на словы Барыса Захадэра, — расказвае Н. Э. Бондар. — Да апошняй песні Юлія Сянчук падрыхтавала цудоўнае харэаграфічнае афармленне, нумар атрымаўся прыгожы.


Абласное свята-конкурс “На зямлі Святой Сафіі” Полацк  штогод прымае ў красавіку. Яно садзейнічае развіццю і папулярызацыі беларускай песеннай творчасці эстраднага і народнага напрамкаў. Таксама мэтамі конкурсу з’яўляюцца выяўленне і падтрымка беларускай таленавітай моладзі ў галіне песеннай творчасці, прыцягненне яе да актыўнай творчай дзейнасці, павышэнне ўзроўню выканаўчага майстэрства і сцэнічнай культуры выканаўцаў, развіццё і павышэнне мастацкага ўзроўню творчасці кампазітараў-аматараў, выяўленне новых твораў і ўзбагачэнне рэпертуару лепшымі ўзорамі музычна-песеннага мастацтва сучаснай Беларусі.


— Перад конкурсам мы вельмі хваляваліся, як будзем выглядаць сярод мноства калектываў вобласці, — падзялілася ўражаннямі Наталля Эдуардаўна. – Але калі пачаліся выступленні канкурсантаў, было бачна, што падрыхтаваліся мы добра. Увогуле, удзельнічаць у гэтым свяце цікава і прыемна. Полацк заўсёды добра і з цеплынёй прымае гасцей, арганізацыя і афармленне конкурсу прадумваюцца да дробязяў. Для абласных кампазітараў, напрыклад, зроблена “сцяна зорак”. Ды і проста знаходжанне ў гэтым старажытным горадзе – сапраўдная асалода.


На здымку: выканаўца Вольга Сергіенка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *