Пад націскам вады


Падтапленні ў райцэнтры і сельскіх населеных пунктах былі ў цэнтры ўвагі службаў раёна ўвесь тыдзень. Вада шчодра “падкінула”  працы супрацоўнікам і камунгаса, і РАНС…


— Першапачаткова асноўнымі зонамі падтаплення ў райцэнтры былі вуліцы Гастэлы, Будзённага, Рэпіна, Асіпенкі, Малінавая, П. Броўкі, Працы і прылягаючыя да іх, — расказвае дырэктар УКП ЖКГ “Бешанковіцкі камунальнік” І. Г. Слівец, — а таксама дамы № 13 і № 17 па вуліцы Чкалава і зона ля ЦРБ: вуліцы Матросава, Янцімірава, Віцебская шаша. Падтаплівала падвалы і ў дамах №5 і № 9 па вуліцы Маладзёжнай.


У першыя ж дні падтаплення супрацоўнікі  камунгаса ліквідавалі праблему на вуліцы Маладзёжнай і пачалі барацьбу з націскам вады ў астатніх “мокрых кропках”. Тут камунальнікі рэгулярна праводзілі адпампоўванне вады. У пачатку тыдня асабліва складаная сітуацыя была па вуліцы Матросава з-за адсутнасці пропуску вады каля малакапрыёмнага пункта і націску вады з вадаёма каля ЦРБ.


Улічваючы такую колькасць праблемных зон, для барацьбы са стыхіяй у “Бешанковіцкім камунальніку” былі створаны тры брыгады пад кіраўніцтвам майстроў У. Я. Пракоф’ева, М. І. Куніцкага і А. М. Серабро.


— Адразу, як пачаліся падтапленні, мы задзейнічалі шэсць пераносных помп для адпампоўвання вады, — расказвае І. Г. Слівец. – Дзве з іх прадаставіў РАНС, па адной – ПМС, філіял “Віцебскдрэў” “Бешанковіцкі лясгас”, ПМК-41 і райгаз. Таксама прыцягнулі да гэтай працы два экскаватары: адзін – з камунальнай службы, другі – з “Бешанковіцкага водаканала”. Працуюць дзве вакуумныя бочкі: адна – на ачыстцы каналізацыйных калодзежаў, другая – на адпампоўванні вады з падвалаў у доме № 4 на вуліцы Будаўнікоў.


Камунальнікам на гэтым тыдні прыйшлося вырашаць таксама пытанне пераправы людзей праз Заходнюю Дзвіну з райцэнтра на Стрэлку. У панядзелак з ракі ўжо сышоў лёд. Стала магчымым спусціць лодку, якая будзе злучаць два берагі да таго часу, пакуль не будзе наладжана пантонная пераправа. Для лодкі камунгасам набыты лодачны матор, дзякуючы якому патрапіць на другі бок людзі змогуць значна хутчэй. Расклад руху, як заўжды, размешчаны ля пераправы.


Не абмінула паводка і сельскія населеныя пункты. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях дапамагалі ратавацца ад вады жыхарам вёсак Абухава і Горкі Астровенскага сельсавета, пазбаўлялі ад вады зернесклад РКУПСГП “Астроўна”. Паступалі выклікі і з вёсак Дубрава, Пяцігарск, Мамойкі.


— З большага ў сельскіх населеных пунктах сельскія выканаўчыя камітэты самі спраўляюцца з падтапленнямі, — расказваў выконваючы абавязкі начальніка РАНС С. М. Воранаў. – Але ў некаторых сітуацыях наша дапамога была проста неабходная. Зараз, напрыклад, мы займаемся жыццезабеспячэннем вёскі Ульянаўка Ульскага сельсавета. Там вада затапіла мост, які злучае гэты населены пункт з пасёлкам Ула. Людзі адрэзаны ад цывілізацыі…  Затапіла і пад’езд да  вёскі Дыбалі.


Супрацоўнікамі аддзялення ДАІ   РАУС сумесна з РАНС, “Бешанковіцкім камунальнікам” і філіялам  ДРБУ-110 праведзена абследаванне месцаў магчымага падтаплення дарог па раёне і вызначаны аб’язныя маршруты небяспечных зон.


Вуліцу Партызанскую ў райцэнтры можна аб’ехаць па вуліцах Першамайскай і Энергетыкаў. Вёску Ульянаўка супрацоўнікі ДАІ раяць аб’язджаць па лясной дарозе ад вёскі Фролкавічы, вёску Алейнікі – па лясной дарозе ад вёскі Дразды, вёску Быстры – па палявой дарозе ад асфальтавага завода. Мінаваць месца магчымага падтаплення ў вёсцы Старыя Ранчыцы аўтамабілісты змогуць, калі будуць заязджаць у населены пункт з боку аўтадарогі Мінск-Віцебск. Каб не патрапіць у  месца магчымага падтаплення ў вёсцы Новыя Ранчыцы, варта аб’ехаць з боку вёскі Плісы.  А рухаючыся па лясной дарозе ад вёскі Крывіна, можна мінаваць падтапленне ў вёсцы Ржаўка ля пад’езду да вёскі Бікложа і да жывёлагадоўчай фермы ПУП “ААБ Наватар”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *