“Першы крок у навуку”


Раённая навукова-практычная канферэнцыя школьнікаў пад такой назвай сабрала сёлета значна больш удзельнікаў, чым у папярэднія гады. Праводзіцца яна па ініцыятыве аддзела адукацыі райвыканкама з мэтай развіцця ў моладзі цікавасці да даследчай дзейнасці і навуковай працы.


Удзел у канферэнцыі прынялі 24 школьнікі з 8 навучальных устаноў раёна. Найбольш актыўна  –  гімназісты і выхаванцы СШ №1 райцэнтра, якія падрыхтавалі па 6 работ. Па 3 даследчыя працы прывезлі прадстаўнікі Ульскай і Свячанскай СШ. Прэзентацыя даследаванняў была арганізавана па двух тэматычных секцыях па розных прадметах.


На суд экспертнага савета школьнікі выносілі самыя разнастайныя тэмы. Напрыклад, юнакі і дзяўчаты даследавалі рамёствы і промыслы бешанковіцкага краю, блакітныя азёры Астроўна, вызначалі аптымальную гушчыню пасеву бульбы гатунку “Сантэ” для атрымання максімальнай урадлівасці, магчымасці спажывання і эканоміі электраэнергіі. Шмат увагі было нададзена вывучэнню жыццёвага і творчага шляхоў нашых знакамітых землякоў І. Ф. Хруцкага, І. Ц. Бабаедава. У год 65-годдзя Вялікай Перамогі праводзіліся і даследаванні пра лёсы педагогаў – ураджэнцаў Беларусі – у гады Вялікай Айчыннай вайны.


Зацікавіла арганізатараў канферэнцыі выступленне самага юнага ўдзельніка, чацвёртакласніка СШ №1 гарпасёлка Дзмітрыя Голубева, які вывучаў праблему ўздзеяння газіраваных напояў на арганізм чалавека. Дзмітрый і яшчэ шэсць вучняў прадстаўлены да дыпломаў першай ступені. Шасцёра школьнікаў – да дыпломаў другой ступені, чацвёра – да дыпломаў трэцяй ступені. Семярым даследчыкам аб’яўлены падзякі.


На здымку: інфармацыйнымі тэхналогіямі цікавіцца гімназістка Дар’я Даўгяла.


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *