“Праблемы людзей – гэта і мае праблемы”


25 красавіка  – выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 26 склікання. Кандыдатам у дэпутаты Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Бешанковіцкай выбарчай акрузе №1 вылучаны Аляксей Уладзіміравіч Мацюшка (на здымку). На мінулым тыдні Аляксей Уладзіміравіч працаваў у нашым раёне, актыўна праводзіў сустрэчы з выбаршчыкамі.  У час адной з іх мы папрасілі яго расказаць пра сябе, пра планы на будучае.


— Аляксей Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, адкуль Вы родам? Дзе вучыліся?


— Нарадзіўся я ў 1979 годзе ў горадзе Глыбокім Віцебскай вобласці ў сям’і ваеннаслужачага.  Беларус. Маю вышэйшую адукацыю. У 2001 годзе  скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, атрымаў спецыяльнасць юрыста, а ў 2008 годзе – Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, стаў яшчэ і эканамістам. Зараз жыву ў Віцебску. Жанаты, гадую сына.


— Як пісалася Ваша працоўная біяграфія?


— Сваю працоўную дзейнасць я пачаў у 2001 годзе з пасады следчага Мінскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры. Маю званне капітана юстыцыі запасу. З 2003 па 2007 год працаваў спецыялістам-экспертам, кансультантам у Прадстаўніцтве Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску. Затым быў пераведзены ў Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на пасаду галоўнага саветніка.


Са снежня 2008 года працую ў Віцебскім абласным выканаўчым камітэце. Спачатку быў памочнікам старшыні аблвыканкама. А з 22 студзеня бягучага года па ўзгадненні з Прэзідэнтам краіны  прызначаны кіраўніком справамі, членам Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.


— Як кіраўнік справамі аблвыканкама Вы, напэўна, добра ведаеце наш раён, знаёмы з праблемамі, якія патрабуюць вырашэння ў першую чаргу.  У выпадку абрання Вас дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў  якім пытанням і праблемам будзеце надаваць больш увагі.


— Не хачу рабіць публічных заяў і гучных абяцанняў. Апрача аднаго, што буду сумленна працаваць на карысць сваіх выбаршчыкаў.


У выпадку абрання мяне дэпутатам пастараюся зрабіць усё для таго, каб забяспечыць якаснае жыццё людзей, добрую зарплату, законнасць і правапарадак. Буду імкнуцца стварыць належныя  ўмовы для прыцягнення інвестыцый у эканоміку, развіцця прыдарожнага сервісу, паслуг аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту і турызму, малога і сярэдняга бізнесу, адкрыцця новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў. 


Не сакрэт, што трэба яшчэ многа чаго зрабіць, каб арганізаваць на высокім узроўні работу жыллёва-камунальных службаў, каб эффектыўна працаваў аграпрамысловы комплекс, вялося ў неабходнай колькасці будаўніцтва жылля, праводзіліся рэканструкцыя і мадэрнізацыя прадпрыемстваў, аграгарадкоў, фермаў, цахоў, укараняліся новыя тэхналогіі, абнаўлялася сельскагаспадарчая тэхніка, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база.


Ну і, зразумела, як дэпутат буду годна абараняць законныя правы і інтарэсы сваіх выбаршчыкаў па жыццёвых праблемах,  развіваць мясцовае самакіраванне, рэгулярна сустракацца і весці прыём грамадзян у выбарчай акрузе, праўдзіва інфармаваць людзей пра дзейнасць Віцебскага аблвыканкама, рабіць усё магчымае, каб мы жылі яшчэ лепей.


І вы, і я добра ведаем, што цуды бываюць толькі ў казках і снах, усе мы — дарослыя людзі, таму разумеем, што дасягнуць чагосьці можна толькі нястомнай, сістэматычнай, мэтанакіраванай працай. Калі сказаць прасцей: каб добра жыць, трэба шмат працаваць.


Вельмі сімвалічна, што выбары пройдуць напярэдадні свята працы і 65-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Хачу папрасіць прыдзвінцаў аказаць максімум увагі нашым шаноўным ветэранам, дзякуючы якім мы сёння і жывём у моцнай і квітнеючай дзяржаве…


— Аляксей Уладзіміравіч, якім прынцыпам Вы кіруецеся ў сваёй рабоце?


— Ён на дзіва просты: праблемы людзей – гэта і мае праблемы, якія мы будзем вырашаць разам.


Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць жыхароў Бешанковіцкага раёна за вялікі гонар і аказаны давер – быць вашым кандыдатам у дэпутаты. Вялікая адказнасць запатрабуе належнай аддачы. Я гэта цудоўна разумею, таму пастараюся апраўдаць надзеі, якія на мяне ўскладаюць людзі…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *