Просіць чысціні зямля


Зямля вясной падобна на безабароннае дзіця: такая ж адкрытая,  мае патрэбу ў клопаце і доглядзе. Снег сышоў даволі хутка і адкрыў усе праблемныя ў плане добраўпарадкавання ўчасткі.


Руплівыя гаспадары не сталі чакаць закліку да навядзення парадку на замацаваных тэрыторыях, тэрыторыях ля жылых дамоў і адміністрацыйных будынкаў, узяліся за венікі, граблі і ўбралі смецце. Іншым пра неабходнасць навесці парадак на зямлі давялося напамінаць на пасяджэнні штаба па добраўпарадкаванні, якое прайшло ў райвыканкаме ў мінулую сераду.


Напярэдадні спецыялісты раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, камунальнай гаспадаркі, іншых раённых службаў правялі рэйдавую праверку па навядзенні парадку на зямлі, таму размова атрымалася прадметнай і зацікаўленай.


На недахопы па навядзенні парадку на адміністрацыйных ці замацаваных тэрыторыях у сераду ўказана кіраўнікам раённых вузлоў паштовай і электрычнай сувязі, упраўлення капітальнага будаўніцтва, землеўпарадкавальнай службы, ПМК – 41, ТЦСАН, “Бешанковіцкага аграсервіса”, катласервіса і іншых.


Адзначалася, што парадак яшчэ не наведзены шмат дзе ў дварах шматпавярховых дамоў, на вуліцах, у парках і скверах, зонах адпачынку ля дарог і на іншых аб’ектах сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння.


У раёне распрацавана праграма па добраўпарадкаванні на 2010 год,  палажэнні якой даведзены да яе непасрэдных выканаўцаў.


Асноўны цяжар па рамонце дарог, ачыстцы вуліц, вывазцы смецця, пасадцы дрэў, кустоў і кветак традыцыйна возьме на сябе камунальная служба. Аднак уборка гарпасёлка пасля зімы, навядзенне належнага парадку ў сельскіх населеных пунктах патрабуе дапамогі і ўдзелу ў гэтай важнай справе ўсіх жыхароў раёна. Толькі ўсе разам мы зможам зрабіць наш край утульным і прыгожым.


Радуе, што большасць жыхароў Прыдзвіння разумее гэта. Напярэдадні Вялікадня прадстаўнікі працоўных калектываў, жыхары прыватных падворкаў наводзілі парадак на сваіх тэрыторыях, але не ўсе і не паўсюль. Ацэнку рабоце па добраўпарадкаванні дадуць спецыялісты РЦГЭ. За парушэнне санітарных нормаў і правілаў, папярэдзіла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Н. А. Карпушэнка, вінаватым пагражае штраф ад 70 тысяч да 3,5 мільёна рублёў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *