Трэці ў рэспубліцы


Вучань 11 класа сярэдняй школы № 1 райцэнтра Ягор Левачоў стаў прызёрам рэспубліканскай алімпіяды. Выпускнік узяў дыплом III ступені па геаграфіі.


Ягор не першы год удзельнічае ў алімпіядзе па гэтым прадмеце, сёлетняя перамога стала для юнака шчаслівым білетам. Цяпер ён можа атрымаць спецыяльнасць, звязаную з геаграфіяй, у любой вышэйшай навучальнай установе краіны без уступных экзаменаў. І Ягор ужо вызначыўся, што будзе набываць вышэйшую адукацыю на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Гэты ж факультэт калісьці скончыла і настаўніца Левачова па геаграфіі Ларыса Віктараўна Давыдзенка.


— Геаграфіяй я захапіўся ў шостым класе — адразу ж, як гэты прадмет пачалі вывучаць у школе, — расказвае Ягор. – А яшчэ раней, памятаю, маці мне падарыла палітычную карту свету, і ўжо ў трэцім-чацвёртым класе я вывучаў сталіцы розных краін.


Акрамя, як на школьных уроках, свае веды па геаграфіі Ягор папаўняў самастойнымі заняткамі ў вольны час, шмат прыйшлося папрацаваць з Ларысай Віктараўнай пры падрыхтоўцы да алімпіяд, асабліва да сёлетняга рэспубліканскага этапа, на які выйшаў юны географ.


— З Ларысай Віктараўнай мы разбіралі розныя заданні, — успамінае выпускнік,   — я чытаў шмат навукова-папулярнай літаратуры, трэніраваўся складаць “на вока” план мясцовасці… Да апошняга не было нават прыблізна вядома, якога тыпу будуць заданні. І зразумела, як ні рыхтуйся, а ўсё роўна, усё ведаць немагчыма. Тым больш, падобных на тыя заданні, з якімі прыйшлося спраўляцца, раней на алімпіядах ніколі не было.


Акрамя геаграфіі Ягор Левачоў цікавіцца гісторыяй, нумізматыкай, а таксама беларускай мовай, на якой свабодна і з задавальненнем размаўляе.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *