Вёска Каранёва – сястра Хатыні


Да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў заставалася крыху больш года. Фашысты лютавалі, спяшаліся здзейсніць дзікунскі па сваёй задуме план “выпаленай зямлі”.  Беларусь была літаральна акутана дымам. Гарэлі вёскі – разам з людзьмі…


22 сакавіка 1943 года фашысты знішчылі вёску Хатынь. А 26 сакавіка карнікі акружылі вёску Каранёва нашага раёна. Усё насельніцтва сагналі ў крайнюю хату і запалілі яе…


Са сведкаў той жудаснай трагедыі ў жывых застаўся толькі Віктар Мікалаевіч Мароз. Нядаўна ён сустрэўся з навучэнцамі Ульскага прафтэхліцэя імя Л. М. Даватара, расказаў падрастаючаму пакаленню пра падзеі далёкага часу.


Да вайны Каранёва налічвала 28 двароў. Як і ўсе на Прыдзвінні, жылі вяскоўцы калектыўнай гаспадаркай. Хлебаробскай справе вучыліся ў бацькоў дзеці. Пра шчаслівае жыццё марылі людзі, будавалі яго сваёй працай, пакуль не пачалася Вялікая Айчынная вайна.


Большасць мужчын з Каранёва пайшлі на фронт, а хто застаўся на часова акупіраванай ворагам тэрыторыі, тыя бралі ў рукі зброю і папаўнялі рады партызан. Састарэлыя, жанчыны і дзеці, якія засталіся ў вёсцы, выконвалі розныя даручэнні народных мсціўцаў. Яны папярэджвалі аб набліжэнні фашысцкіх карнікаў, дапамагалі партызанам адзеннем і прадуктамі харчавання.


Пад кантролем народных мсціўцаў была і дарога Ула-Капусціна. Менавіта на ёй у адзін з сакавіцкіх дзён 1943 года партызаны атакавалі калону карнікаў і амаль поўнасцю яе знішчылі. Немцы, якія засталіся ў жывых, вымушаны былі вярнуцца ў Улу за падмогай.


Раніцай наступнага дня, 26 сакавіка 1943 года, карнікі выступілі з Улы ў накірунку вёскі Капусціна, каб адпомсціць партызанам за ўчарашняе паражэнне.


На іх маршруце, за чатыры кіламетры ад Капусціна, знаходзілася Каранёва…
Толькі траім жыхарам вёскі ўдалося выратавацца ў той жудасны дзень.
Калі немцы сагналі людзей і пачалі іх растрэльваць праз акно, хтосьці, калі валіўся на зямлю, збіў з ног Любоў Іванаўну Мароз. Гэта і выратавала жыццё жанчыне – толькі ногі параніла. Некаторы час яна праляжала каля парога, а калі ў хату праз столь пачаў прабівацца агонь, паспрабавала адчыніць дзверы. Гэта якімсьці цудам ёй удалося, і яна адпаўзла ў канец агарода. “Ці то карнікі не заўважылі мяне, ці ўжо адышлі”, — успамінала потым жанчына. Пасля гэтай жудаснай трагедыі Любоў Іванаўна яшчэ пражыла больш за сорак гадоў.


У той дзень пашчасціла выратавацца і двум вясковым хлапчукам – Аўгусціну Рыбчынскаму і Віктару Марозу. Калі зганялі людзей у хату, старэйшы брат Аўгусціна Юзік аказаў немцам супраціўленне, і фашыст стрэліў па ім. Юзік зваліўся ў снег на свайго малодшага дзевяцігадовага брата і сваім целам накрыў яго. Калі ўсё сціхла, Аўгусцін падняўся. Каля хаты, якая ўжо дагарала, ён знайшоў параненага ў ногі сямігадовага Віктара Мароза, больш нікога не было бачна.


Паколькі Віктар не мог самастойна рухацца, Аўгусцін пасадзіў яго на саначкі і павёз у Капусціна да партызан. Падлеткаў сустрэлі на ўскрайку лесу партызанскія разведчыкі. Яны даставілі хлопчыкаў у свой атрад.


Даведаўшыся пра трагедыю, партызаны пахавалі жыхароў вёскі ў брацкай магіле непадалёк ад таго месца, дзе яны былі спалены.  Аўгусцін Рыбчынскі застаўся ў партызанскім атрадзе. У час блакады партызанскай зоны карнікамі ён загінуў. Віктара Мароза з некалькімі параненымі партызанамі самалётам адправілі на лячэнне за лінію фронта. Спачатку ў Ржэў, а адтуль – у Улан-Удэ. Тут ён пасля лячэння выхоўваўся ў дзіцячым доме, а калі падрос, уладкаваўся на працу, завёў сям’ю.


Помніў Віктар Мікалаевіч сваю шматпакутную вёску Каранёва, родныя мясціны, прыгажосць прыдзвінскага краю. У канцы сямідзесятых гадоў разам з жонкай Галінай Уладзіміраўнай ён пераехаў у Улу, дзе жыве і цяпер.


Вёска Каранёва пасля вайны так і не адрадзілася. Не было каму будаваць яе. Сёння там, дзе 67 гадоў назад загінулі людзі, стаіць помнік-абеліск, які нагадвае аб трагічнай старонцы нашага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. На мармуровай пліце, прымацаванай да абеліска, значыцца 31 прозвішча жыхароў вёскі Каранёва, якія загінулі ў агні.


Гэта святое месца паблізу Улы дагледжана калектывам Ульскага прафтэхліцэя. Сюды прыходзяць людзі з блізкіх і далёкіх мясцін, каб ушанаваць памяць аб загінуўшых. Затаіўшы дыханне, слухалі навучэнцы Ульскага прафтэхліцэя расказ Віктара Мікалаевіча Мароза. У сэрцах разам з ім перажывалі трагедыю, якая напаткала яго аднавяскоўцаў.


Памяць… Эстафетай гістарычных падзей пераходзіць яна з пакалення ў пакаленне, увекавечваецца ў помніках і мемарыялах. Як абвінавачванне фашызму, гучаць званы “Хатыні”. Урны з зямлёй 186 вогненных брацкіх могілак умураваны тут у каменныя пліты, на якіх значацца назвы знішчаных у гады вайны населеных пунктаў. У памяць аб іх гарыць вечны агонь – сімвал нясгаснага жыцця. Сярод гэтых вёсак ёсць і вёска Каранёва.


На здымках: 1. В. М. Мароз у час сустрэчы ў Ульскім прафтэхліцэі. 2. Помнік-абеліск на месцы спаленай вёскі Каранёва.
                                                           Леанід АКУЛЁНАК.



 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *