Яны набліжалі Перамогу


Камандзір трыццацьчацвёркі


У грозным 41-м, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, разам з сябрамі пайшоў у ваенкамат і папрасіўся на перадавую і васемнаццацігадовы Мікалай Мануілаў. Хлопца залічылі ў стралковы полк, а праз некаторы час накіравалі на вучобу ў танкавае вучылішча.
Курсантам гэтага вучылішча і прыняў Мікалай баявое хрышчэнне на Паўночным Каўказе, а восенню 1943 года яго прызначылі камандзірам узвода танкаў “Т-34” сфарміраванай  у раёне Кіева танкавай брыгады.


У складзе легендарнай танкавай арміі генерала Катукова гэта  падраздзяленне стала магутным кулаком, пад ударамі якога развалілася варожая абарона пад Вінніцай і Чарнавіцамі, на Сандамірскім плацдарме і пад Варшавай, пад Гдыняй і Данцыгам, на многіх іншых рубяжах.


Пераадолеўшы абарону гітлераўцаў, танкавыя кліны арміі глыбока ўразаліся ў варожыя тылы, акружалі і знішчалі групоўкі фашыстаў. На новым танку экіпаж у складзе камандзіра Мікалая Мануілава, механіка-вадзіцеля Івана Засухіна, радыста Мікалая Мельнікава і зараджальшчыка Івана Цімашэнкі пераможна прайшоў з баямі Вялікую Айчынную вайну, удзельнічаў у штурме Берліна.


Пасля Перамогі, да выхаду на пенсію, кавалер двух ордэнаў  Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, шматлікіх баявых медалёў падпалкоўнік запасу Мікалай Дзмітрыевіч Мануілаў працаваў выкладчыкам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў Бачэйкаўскай сярэдняй школе, выхоўваў у вучняў любоў да сваёй Радзімы, за свабоду і незалежнасць якой ён змагаўся.


 


“Праверана: мін няма”


Нялёгкім быў шлях па дарогах вайны  Пятра Савельевіча Федарчука з Бешанковіч.
У 1941-м годзе давялося яму адступаць з адыходзячымі войскамі з Віцебска, прымаць удзел у баях пад горадам Сянно, дзе нашы войскі нанеслі пераўзыходзячым сілам фашыстаў адчувальны ўдар. На падыходах да гэтага райцэнтра падарвалася на мінах, пастаўленых нашымі сапёрамі, шмат варожых танкаў.


У баях пад Масквой на розных участках фронта змагалася з ворагам 21-я асобная электратэхнічная сапёрная рота 33-й інжынернай брыгады. На Ленінградскай і Валакаламскай шашы, ля Хімкінскага вадасховішча, у іншых месцах праз міны сапёраў не прайшлі нямецкія танкі.


За мужнасць і ўмелае выкананне баявых задач камандзір спецаддзялення асобай роты Пётр Федарчук быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай  Зоркі. З Падмаскоўя ў складзе войск 3-га Беларускага фронта Пётр Федарчук пагнаў ворагаў з нашай зямлі.  Ён прымаў удзел у славутай аперацыі “Баграціён”, вызваляў ад ворагаў Оршу, Барысаў, Мінск.  2 ліпеня электратэхнічнай сапёрнай роце, якая пракладвала шлях танкістам па шашы Масква – Мінск, давялося граміць войскі акружанай групоўкі гітлераўцаў.
Шмат смяротна небяспечных заданняў выконвалі сапёры. Адно з іх – размініраванне Дома ўрада ў Мінску.Пад камандаваннем маёра Канавалава рота правяла тут складаную і небяспечную работу па ліквідацыі розных “сюрпрызаў”, з дапамогай якіх фашысты мелі намер знішчыць не толькі  Дом урада, але і многіх людзей. На выкананне ўсіх работ спатрэбілася некалькі дзён.


З поўным усведамленнем сваёй адказнасці на фасадзе галоўнага будынка сталіцы сапёры зрабілі надпіс “Праверана: мін няма”.


Пасля Мінска былі баі за вызваленне Польшчы, штурм Кенігсберга. Тут Пётр Федарчук быў паранены. Дзень Перамогі ён сустрэў у шпіталі. Адзінаццацю ўрадавымі ўзнагародамі адзначаны ён за подзвігі на фронце. Сярод іх — ордэны Чырвонай Зоркі,  Айчыннай вайны, медалі “За адвагу”, “За абарону Масквы”, “За ўзяцце Кенігсберга”.


 


Ішоў вайной артылерыст


Шмат кіламетраў франтавых дарог прайшоў у час Вялікай Айчыннай вайны наш зямляк з вёскі Фролкавічы Міхаіл Ільіч Касцюковіч. У жніўні 1941 года ўзвод курсантаў артылерыйскага вучылішча пад яго камандаваннем упершыню ўступіў у бой з ворагам каля горада Днепрапятроўска. У курсантаў у той час не было гармат, з вінтоўкамі ў руках стрымлівалі яны наступленне фашыстаў. У гэтым баі ўзводны камандзір Міхаіл Касцюковіч атрымаў сваё першае раненне.


Пасля лячэння ў шпіталі ў складзе гаўбічнага палка ён абараняў ад ворагаў Крым, Кубань. У адным з баёў зноў быў паранены. Калі ўрачы паставілі воіна на ногі, той адразу вярнуўся ў баявы строй. Граміў фашыстаў на Украіне, вызваляў ад ворагаў гарады і вёскі Польшчы.


Жорсткія баі разгортваліся на Сандамірскім плацдарме. Тут Міхаіл Касцюковіч камандаваў 76-міліметровай супрацьтанкавай гарматай. У  адным з баёў, калі загінуў камандзір батарэі, Міхаіл не разгубіўся і замяніў яго. Дзякуючы рашучым дзеянням таварыша, артылерысты знішчылі ў гэтым баі шмат варожых танкаў, астатнія павярнулі назад.


За ўмелыя дзеянні, якія прадвызначылі зыход боя, лейтэнант Міхаіл Касцюковіч быў узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага. Гэтым ордэнам узнагароджваліся вышэйшыя камандзіры Чырвонай Арміі, якія праявілі ў баях за Радзіму  ў Вялікай Айчыннай вайне асаблівую адвагу і мужнасць. Афіцэры невысокага рангу гэтай узнагародай адзначаліся даволі рэдка. Міхаіл Ільіч Касцюковіч – адзін з іх.


У агнявым вале, што абрушыўся на варожыя ўмацаванні пад Берлінам, трапна накрывалі цэлі снарады з гармат, якімі камандаваў Міхаіл Касцюковіч. А потым быў доўгачаканы Дзень Перамогі. На  рацэ Эльба сустрэў той слаўны дзень наш зямляк з вёскі Фролкавічы, што на ціхай рэчцы Ула.


За мужнасць і адвагу ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Міхаіл Ільіч Касцюковіч адзначаны таксама ордэнам Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі.


                                     Леанід Акулёнак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *