Засумавалі хлебаробы без працы


Абуджаюцца пасля зімовага зацішша палеткі. Пакуль надвор’е не дае хлебаробам развярнуцца ў поўную сілу, але там, дзе на поле можна заехаць, работы ўжо вядуцца.


Закласці трывалы падмурак пад будучы ўраджай імкнуцца і механізатары ПУП “АграВітВін”. Першым у поле свой трактар “МТЗ-920” вывеў Мікалай Фёдаравіч Базар.


— Засумаваў па працы на зямлі, — прызнаецца земляроб. — Хочацца хутчэй узяцца за справу. Вясной праца хоць і  напружаная, але заробак годны. На календары пачатак красавіка, у іншы год ужо і сеялі, сёлета ж пакуль далёка не на кожнае поле можна ўехаць — сыра і гразка.


Выбіраем падсохлыя ўчасткі, каб спраўляцца з вытворчымі задачамі. Пад апошнія маразы паспеў падсеяць гектараў 160 шматгадовых траў, падкарміў азотам 60 гектараў рапсу. Зараз на сваім “Амазоне” ўношу мачавіну на пашу, каб даць сакавіты корм жывёле, якую хутка выганяць у поле.


Душой хварэе за сельскагаспадарчую справу механізатар. Гэта зразумела, бо за плячамі Мікалая Фёдаравіча багаты стаж работы на сяўбе, уборцы, таму добра ўсведамляе ён важнасць своечасовай і якаснай работы.


Васемнаццаты сезон на трактары працуе і яго калега Фёдар Рыгоравіч Сямака, які ў чаканні гарачай  хлебаробскай пары ажыццяўляе падвозку ўгнаенняў.


— Родам я з Лепельскага раёна, — кажа Фёдар Рыгоравіч, — там і асвоіў прафесію. Работа на зямлі  складаная, але высакародная справа. Мне яна па душы і па сэрцу. Пакуль масавая сяўба не пачалася, працуем у полі з 7 да 17 гадзін, а прыйдзе час — і ўвесь светлавы дзень. Толькі вось скончылі падкормку пашы ля вёскі Ганчарова, пераехалі сюды, да ўрочышча Духоўшчына. Мяркуем, што да канца дня яшчэ пару дзесяткаў гектараў запішам на свой рахунак…


На здымку:  М. Ф. Базар і Ф. Р. Сямака.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *