“Звяртайцеся – і вам дапамогуць”


У жыхароў раёна зноў была цудоўная магчымасць расказаць пра свае праблемы, пра тое, што хвалюе і патрабуе неадкладнага вырашэння, непасрэдна старшыні раённага выканаўчага камітэта Леаніду Канстанцінавічу Пянькоўскаму ў час “прамой тэлефоннай лініі”.


Першыя паўгадзіны тэлефон не змаўкаў ні на хвіліну: людзі званілі з розных куточкаў. За гадзіну з кіраўніком раёна звязаліся 12 чалавек. Пытанні  датычыліся рамонту дарог, водазабеспячэння, ліквідацыі наступстваў паводкі, асвятлення населеных пунктаў, іншых важных для забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва тэм.


Ні адзін зварот не застаўся без увагі. Па кожнаму з іх дадзены канкрэтныя даручэнні кіраўнікам службаў, аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, мясцовай улады, якія знаходзіліся тут жа, у малой зале райвыканкама.


Не сакрэт, што стан  многіх сельскіх дарог жадае быць лепшым. У вясновае бездарожжа ён пагаршаецца яшчэ больш. На неабходнасць прывядзення ў парадак пад’язных шляхоў да населеных пунктаў раёна, многія з якіх разбіты транспартам пры вывазцы лесу, перавозцы сельскагаспадарчых грузаў,  Л. К. Пянькоўскі звяртаў увагу кіраўнікоў службаў на планёрцы. Звароты людзей толькі пацвердзілі неабходнасць неадкладнага правядзення такой работы, бо з-за пагаршэння стану дарог у асобныя вёскі могуць не дайсці аўталаўкі, машыны хуткай дапамогі і г. д.


— Дапамажыце вырашыць пытанне з абуладкаваннем заезду ў нашу вёску, — прасілі запольцы. – Малако, і тое даводзіцца выносіць на дарогу, не кажучы ўжо пра іншыя нязручнасці. Хаця падправіць трэба не больш за 100 метраў палатна…


Зрабіць гэта і дапамагчы вяскоўцам даручана кіраўніцтву гаспадаркі, прадпрыемства меліярацыйных сістэм і сельвыканкама.


Што датычыцца зносу будынкаў былой свінагадоўчай фермы ў в. Заполле, якія, зразумела, ніякім чынам не ўпрыгожваюць населены пункт, то Леанід Канстанцінавіч паабяцаў асабіста пабываць на месцы, пасля чаго і  будзе прынята канчатковае рашэнне.


Скаргі ад людзей на бездарожжа ў час “прамой лініі” паступілі таксама ад жыхароў вёскі Камоскі, дзе ля новабудоўляў разбіта дарога. Абаненты таксама расказвалі, што на Паўднёвай вуліцы райцэнтра забілася труба, вада дайшла да фундамента дома,  размывае яна дарогу і на вуліцы Пралетарскай. “Патрабуецца абуладкаванне  з’езду ля грамадзянскіх могілак у Шчыпцах, рамонт дарог у Лузе, Узрэччы”, — дапоўнілі пералік праблем старшыні сельвыканкамаў.


Сітуацыя трымаецца на кантролі, людзям дапамогуць. Як і А. В. Дыбалю з вёскі Узрэчча, які прасіў пазбавіць яго ад небяспечнага суседства са старым дрэвам, якое пагражае ў непагадзь зваліцца на дом ветэрана і электрычныя правады. Дапамогу кіраўнік раёна паабяцаў і ветэранам працы: М. Д. Мельнікавай з Улы, якая хадайнічала аб зносе паўразбураных гаспадарчых пабудоў, і В. М. Бажэнка з райцэнтра, у доме якой працякае дах.


Наконт неналежнага асвятлення паступілі званкі з вуліц Горкага і Пралетарскай райцэнтра. Жыхары вёскі Вярхоўе прасілі пазбавіць іх ад бадзяжных сабак, а Г. П. Булейка звярнуў увагу кіраўніка раёна на неабходнасць умацавання дысцыпліны ў сельгаспрадпрыемствах раёна, асабліва ў час пасяўной кампаніі, калі за руль трактароў нярэдка садзяцца людзі, пазбаўленыя права кіравання транспартнымі сродкамі. Кожны зварот стаў тэмай для дэталёвага абмеркавання.


Леанід Канстанцінавіч звярнуў увагу кіруючага звяна раёна на неабходнасць прывядзення ў парадак пашаў для жывёлы з асабістых падворкаў, у выпадку патрэбы – выдзялення новых участкаў, на забеспячэнне насельніцтва палівам і дзелавой драўнінай, на навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў. І самае галоўнае – на ўзмацненне кантролю за выкананнем прынятых рашэнняў.  Бо падобныя размовы наладжваюцца толькі для таго, каб рэальна дапамагчы людзям у іх запытах і просьбах.


На здымку: старшыня раённага выканаўчага камітэта Л. К. Пянькоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *