Их цель — шеститысячный рубеж


Даенне кароў на малочнатаварнай ферме “Камоскі” СВК “Палітаддзелец”, якія з 3 мая пераведзены на кругласутачны выпас на пашы, было ў самым разгары. Гурт з 203 галоў абслугоўваюць пяць даярак.


— Па ферме на карову атрымліваем зараз па 19,7 кілаграма малака, — расказвае загадчыца фермай Надзея Мікалаеўна Галай. – За 4 месяцы маем на ўмоўную галаву ў сярэднім па 1641 кілаграму і плюсуем да леташняга 111 кілаграмаў. Валавы збор малочнай прадукцыі за гэты перыяд склаў 287 тон, што на 50 больш за мінулагодні. Летась за год атрымалі на карову 5760 кілаграмаў малака, сёлета мяркуем перакрыць шасцітысячны рубеж.


МТФ “Камоскі” дае 24% малочнай прадукцыі ад агульнага аб’ёму па гаспадарцы. Менавіта тут рупяцца лепшыя ў “Палітаддзельцы” даяркі. Напрыклад, Алена Мікалаеўна Лазука і Інна Сцяпанаўна Ладзік на карову маюць адпаведна па 21,7 і 21,5 кілаграма малака, Тамара Фёдараўна Дзягель —  18 кілаграмаў. Ад старання залежыць і аплата працы. У сярэднім яна складае зараз ад 1 да 1,5 мільёна рублёў.


Да сезона пашавага ўтрымання ў гаспадарцы рыхтаваліся. Закупілі новую бочку, станок для асемянення жывёлы, прыладзілі неабходнае абсталяванне для работы ў палявых умовах, забяспечылі жывёлаводаў дэзрастворамі, арганізавалі падвоз гарачай вады. Выпас жывёлы даручылі сям’і Вольгі Пятроўны і Анатоля Нікіфаравіча Гучэнкаў. Летась яны працавалі тут па дагавору і добра сябе зарэкамендавалі. Стараюцца і сёлета накарміць жывёлу, каб атрымаць большую прыбаўку малака.


— Корму на пашы хапае, — зазначае загадчыца фермай. – Па методыцы правялі разлікі, вызначылі якасць корму і яго пажыўнасць. За дзень робім да 6 загонаў. У цэлым травастой неблагі, даём кароўкам і канцэнтраты. Спадзяёмся на яшчэ большую прыбаўку малака.


На здымку: А. М. Лазука, Н. М. Галай, Т. Ф. Дзягель (злева направа).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *