Механізатар – прафесія патрэбная


СВК “Палітаддзелец” адным з першых у раёне распачаў сяўбу кукурузы. Пасеяць багатую вугляводамі кармавую культуру даручылі майстру сваёй справы Віктару Сямёнавічу Ляховічу (на здымку).


Толькі паспеў механізатар набраць тэмпы, засеяў 150 гектараў, як зачасцілі дажджы. Яны падаравалі Віктару Сямёнавічу нечаканы выхадны. У час зацішша на веснавым палетку мы знайшлі механізатара дома ў клопатах пра хатнюю гаспадарку. А на падворку ў сям’і Ляховіча ўжыліся і парасяты, і куры, і трусы.


— Я вырас на прыдзвінскай зямлі, мае карані з вёскі Драбушова, — расказвае Віктар Сямёнавіч. – Загартаваны сялянскай працай практычна з маленства. Мой дзед і бацька таксама рупіліся ў сельскай гаспадарцы, не стаў шукаць іншай справы і я. Пасля заканчэння Ульскага ПТВ пачаў на практыцы адточваць набытыя веды.


Спачатку працаваў у калгасе імя Фрунзе, пазней — у перайменаваным у “Ляхаўшчыну”. А 9 гадоў таму перайшоў у “Палітаддзелец”, атрымаў трактар “МТЗ-952”, які за 8 гадоў мяне яшчэ ні разу не падводзіў. І сёлета на ім у агрэгаце з РДУ-1,5 вынікова папрацаваў на падкормцы пашаў і азіміны, цяпер перабраўся на  кукурузны палетак…


Як пра стараннага і руплівага гаспадара зямлі кажуць пра Віктара Сямёнавіча ў сельгаскааператыве. А за адказнасць і шчырасць у працы чатыры гады таму сям’і Ляховічаў выдзелілі новы дом у Лабачове. Навасёлы пакрысе абжыліся і наладзілі быт. А сам механізатар лічыць, што лёс яго вельмі шчодра адорвае.


— Пра сябе магу сказаць, што я шчаслівы чалавек, — не хавае Віктар Сямёнавіч. – Шчаслівы, што заняты любімай справай, што маю добрую сям’ю: клапатлівую жонку і двух сыноў. Старэйшы з іх набывае прафесію будаўніка, а малодшы — яшчэ школьнік. Спадзяюся, што нам з жонкай удалося прывіць дзецям лепшыя чалавечыя якасці. Шчаслівы і тым, што пасля напружанага працоўнага дня спяшаюся дадому, дзе  знаходжу падтрымку, павагу і цеплыню сямейнага ачага. А гэта сёння дарагога варта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *