Як сімвал мірнага і квітнеючага жыцця


Уладзімір Апанасавіч Кісялёў у гэты дзень не спадзяваўся ўбачыць адразу столькі гасцей на парозе сваёй хаты.


82-гадовы ветэран пайшоў да суседзяў па важнай справе, тут і знайшлі яго ваенны камісар райваенкамата Аляксандр Віктаравіч Дыса, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Уладзімір Рыгоравіч Кухто і загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Генадзьеўна Камінская, якія наведаліся да абаронцы Радзімы з важнай місіяй.


Разам з юбілейным медалём “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” ветэрану ўручылі прывітальны адрас ад Прэзідэнта Беларусі, віншаванне ад старшыні абласнога выканаўчага камітэта А. М. Косінца, а таксама паштоўку ад старшыні райвыканкама Л. К. Пянькоўскага і гадзінік у якасці падарунка.


— Для мяне Дзень Перамогі – гэта сімвал жыцця, мірнага і квітнеючага, — гаворыць Уладзімір Апанасавіч. — Я адслужыў у арміі 7 гадоў і добра ведаю, як дасталася нам незалежнасць у гэтай вайне. Быў на акупіраванай тэрыторыі, а пасля вызвалення Беларусі, у 1944-м годзе, калі мне не было яшчэ і 17 гадоў, трапіў у дзеючую армію, стаў сувязістам. Забяспечваў сувязь са стаўкай галоўнага камандавання. І толькі ў 1951-м годзе з затрымкай на год і два месяцы па загаду міністра абароны вярнуўся дадому…


Напярэдадні Дня Перамогі разам з віншаваннямі юбілейныя ўзнагароды атрымалі 172 нашых землякі. Сярод іх 94 удзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, 64 малалетнія вязні канцэнтрацыйных лагераў, турмаў і гета, 3 блакаднікі Ленінграда і 11 асоб, якія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за працу ў тыле. Удзячныя нашчадкі ніколі не забудуць пра велічны подзвіг, пра адвагу і мужнасць салдат і афіцэраў, якія геройскі ваявалі і ні на хвіліну не забываліся пра свой святы абавязак перад Радзімай. Нізкі паклон усім, хто змагаўся за наша права жыць і працаваць на мірнай, вольнай зямлі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *