Земля и накормит, и принесёт дополнительный зоработок


Руплівыя гаспадары пра гэта ведаюць, таму і стараюцца, каб у хлявах стаяла жывёла, а соткі былі засеяны і дагледжаны. Вядзеннем асабістых падсобных гаспадарак сёння ў той або іншай меры займаецца не менш як трэць насельніцтва краіны. Гэта жыхары не толькі вёсак, але і рабочых пасёлкаў, малых гарадоў і прыгарадаў буйных цэнтраў, якія ўносяць істотны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі дзяржавы.


Падсобныя гаспадаркі садзейнічаюць павышэнню рэальных даходаў і дабрабыту вяскоўцаў, даюць ім істотную прыбаўку да сямейнага бюджэту і нават выконваюць важную выхаваўчую функцыю. Бо там, дзе з дзяцінства прыцягваюць да працы, догляду жывёлы і агародніцтва, менш праблем з п’янствам і іншымі негатыўнымі з’явамі.


Таму ў аўторак Прэзідэнт Беларусі і правёў нараду па пытаннях развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, звярнуў увагу на актуальнасць праблемы і яе вялікае эканамічнае і сацыяльна-палітычнае значэнне.


Што думаюць пра развіццё асабістых падсобных гаспадарак прыдзвінцы? На гэта пытанне адказваюць нашы чытачы.


Вольга Мядзведзева, жыхарка райцэнтра:
  — Калі ў вяскоўца не надта высокая зарплата і калі чалавек любіць працаваць, то, вядома, трымаць хатнюю гаспадарку проста неабходна. Цяпер у крамах можна набыць самыя разнастайныя тавары, але гэта патрабуе грошай. У маёй гаспадарцы ёсць карова, свінні, куры. Яна мяне вельмі падтрымала, калі, напрыклад, дачка атрымлівала адукацыю на платнай аснове: было што і студэнтцы з сабой даць, і самі не сутыкнуліся з прадуктовай праблемай. Дапамагаю і бацькам. Зразумела, вядзенне падсобнай гаспадаркі – гэта вялікая праца, “прывязанасць” да хаты, да вызначанага распарадку дня, але ў гэтыя клопаты ўцягваешся, не заўважаеш іх, і на адпачынак час знаходзіцца. Калі жадаеш на чымсьці сэканоміць, дапамагчы дзецям, трэба спадзявацца на свае рукі і не баяцца працы.


Валянціна Несцераўна Надзёжка, адна з лепшых малаказдатчыкаў СВК “Палітаддзелец”:
    — Наша сям’я жыве ў вёсцы Радзюкі і ўжо даўно прызвычаілася да сялянскага ладу жыцця. На падворку хапае клопатаў і мне, і мужу Васілю Лявонавічу, і сынам. Іх у нас трое, праўда, старэйшы нядаўна ажаніўся і пайшоў на свой хлеб. Трымаем двух кароў, двух парасят, каня, курэй. Для сям’і гэта добрая дапамога, можна не толькі пракарміць сябе, але і заробіць грошы на рэалізацыі лішкаў сельгаспрадукцыі. За 4 месяцы года, напрыклад, здалі ў гаспадарку 3769 кілаграмаў малака, за кожны дзяржава дае па 725 рублёў і 70 дабаўляе гаспадарка. Вось і атрымліваецца, што ў месяц да асноўнага заробку, а я больш за 25 гадоў працую цялятніцай на ферме, можна прыплюсаваць 700-800 тысяч рублёў. Сёлета ўдалымі былі і ацёлы, Галубка і Ласеня прынеслі па цяляці. Прыплод таксама здалі ў гаспадарку і выручылі больш за 800  тысяч рублёў. Безумоўна, сялянская праца вельмі цяжкая, але і на вёсцы можна жыць у дастатку, трэба толькі не ленавацца, развіваць уласную гаспадарку.


Мікалай Уладзіміравіч Чашынскі, дырэктар ПУП “АграВітВін”:
   — Пытанне развіцця падсобных гаспадарак вельмі актуальнае, увага на яго, лічу, звернута своечасова. Асабіста наша гаспадарка імкнецца рабіць усё магчымае, каб садзейнічаць зацікаўленасці вяскоўцаў у вядзенні дапаможнай гаспадаркі. Аказваем людзям дапамогу ў забеспячэнні насенным матэрыялам на розных умовах: ці то ў залік зарплаты, ці то пад будучы ўраджай, ці іншым шляхам. Выдзяляем каня і тэхніку для апрацоўкі агародаў, нікому не адмаўляем у абмалоце збожжавых надзелаў. А ў апошні час сталі практыкаваць па рашэнні праўлення выдзяленне найбольш руплівым даяркам каровак ці цялушак для развіцця ўласнай гаспадаркі. Гэта таксама добры стымул і для павышэння вытворчых паказчыкаў.


На здымку: В. Н. Надзёжка ведае кошт сялянскай працы.


Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ,
Анжэла ЛЮДЫНА,
Юлія ДУБРО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *