Чистоту наводили все вместе


Добраўпарадкаванне – справа не аднаго дня. Пакуль прыводзілі пасля зімы ў належны стан населеныя пункты раёна, надышоў час абкосу.


З мэтай навядзення парадку ў населеных пунктах раёна і выканання рашэння сесіі раённага Савета дэпутатаў  ад 10 ліпеня 2007 года, раённы выканаўчы камітэт абвясціў правесці 5 чэрвеня раённы суботнік. На штабе па добраўпарадкаванні вызначыліся з неабходным аб’ёмам работ, а ў суботу на замацаваныя тэрыторыі выйшлі працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.


Калектыў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўпраўлення, як расказваў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама У. Р. Кухто, у суботу працаваў на розных аб’ектах. Частка калектыву была занята афарбоўкай будучага магазіна рытуальных паслуг на вуліцы Інтэрнацыянальнай, куды той плануе пераехаць з адміністрацыйнага будынка ТЦСАН. Другая – абуладкоўвала цяпліцу, дзе інваліды з аддзялення дзённага знаходжання змогуць займацца агародніцтвам, вырошчваць агуркі ды памідоры. А сацыяльны работнік Іван Апанасавіч Гаралевіч адказваў за добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі. З касой у руках вёў барацьбу з пустазеллем.


Дарэчы, касцоў на вуліцах у суботу было не так ужо і многа.  Напярэдадні многія прадпрыемствы і арганізацыі навялі  парадак на сваіх тэрыторыях. Таму ў пераважнай большасці добраўпарадкаваннем у гэты дзень займаліся працаўнікі камунальнай службы: абкошвалі і ўбіралі траву, укладвалі бардзюры. На вуліцы Свабоды ў райцэнтры, напрыклад, гэтай справай былі заняты работнікі кацельні: машыністы А. Л. Сінкевіч, С. М. Усаў, слесар-сантэхнік І. Ф. Глушакоў і рабочы лазні А. М. Салаў.


Жыхары раёна працавалі і на рабочых месцах, абуладкоўвалі ўезды ў горад, наводзілі парадак уздоўж трасы Мінск – Віцебск. Агульнымі намаганнямі ў суботу адрамантавалі дарогу, якая вядзе да лясной крынічкі на ўскрайку Бешанковіч. Дапамогу ў гэтым раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і філіялу «Бешанковіцкі лясгас» аказалі такія прадпрыемствы, як “Вітканпрадукт”, майстарскі ўчастак ДРБУ –52, філіял ДРБУ – 110, АТП – 21, ПМК –41, “Бешанковічы аграсервіс”.


Па папярэдніх падліках, усяго на суботніку было зароблена ля 20 мільёнаў рублёў. Як і ў папярэднія гады, грошы пойдуць на добраўпарадкаванне г. п. Бешанковічы, навядзенне парадку ў вёсках Прыдзвіння.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *