Тяжёлое только начало


У Бешанковічах створана, нарэшце, футбольная каманда. Сёлета нашы спартсмены прымаюць удзел у чэмпіянаце Віцебскай вобласці па футболе. У мінулую суботу каманда “Бешанковічы ФСК “Дзвіна” гуляла з чашнічанамі на дамашнім полі.


У яе складзе пераважна навучэнцкая і рабочая моладзь.Жадаючыя гуляць у футбол, як расказваюць хлопцы, у раёне заўсёды былі. Не хапала толькі належнага арганізатара. Сёлета, дзякуючы ініцыятыве моладзі і асабістай падтрымцы кіраўніка раёна Л. К. Пянькоўскага, падалося вырашыць усе праблемы: прыведзена ў належны стан футбольнае поле, дзе ўстаноўлены новыя вароты, закуплена форма для ігракоў, уся іншая патрэбная экіпіроўка.


Першыя дзве гульні чэмпіянату прайшлі ў Аршанскім і Дубровенскім раёнах. Для бешанковіцкіх футбалістаў яны былі не надта выніковымі, але на цуда спадзяваліся калі толькі аптымісты. Для перамогі аднаго жадання мала, патрэбны яшчэ вызначаныя навыкі, адчуванне каманднай гульні, трэніроўкі і неабходная фізічная падрыхтоўка. Усё гэта, як вядома, прыходзіць з часам. Ведаюць пра тое і самі футбалісты, якія, як адзначыў у размове капітан каманды Яўген Цапота,  прынялі для сябе рашэнне “не піва піць, а гуляць у футбол”. І хочацца дадаць яшчэ – дарыць землякам радасць відовішча адной з самых любімых гульняў.


У суботу, нягледзячы на спёку, паглядзець футбол, падтрымаць сваю каманду на стадыён прыйшлі ля ста чалавек. З-за надвор’я гульню перанеслі на гадзіну пазней, але сонца ўсё роўна паліла няшчадна, выпрабоўваючы футбалістаў на вынослівасць.


Першыя паўгадзіны лік быў 0:0, а потым чашнічане выйшлі наперад. Яно і не дзіва, каманда ў суседзяў моцная, не раз выходзіла ў лік пераможцаў абласной спартакіяды, існуе ўжо шмат гадоў. Хаця ўмовам, створаным для нашых футбалістаў, госці шчыра пазайздросцілі. У першую чаргу — стадыёну. “У вас цудоўныя ўмовы і для трэніровак, і для арганізацыі матчаў”, — адзначыў трэнер чашніцкай каманды А. У. Драздоў.  А пасля гульні, нягледзячы на тое, што бешанкавічане прайгралі з лікам 4:0, зазначыў: “І каманда ў вас добрая. У яе таксама абавязкова будуць поспехі. Патрэбен час, а так хлопцы нядрэнна гуляюць”.


“Цяжкі толькі пачатак”, — заўважыў нехта з балельшчыкаў. “За аднаго бітага двух нябітых даюць”, — дадаў другі. “Цудаў не бывае”, — разачаравана ўздыхнуў трэці. “Пазмагайцеся, пазмагайцеся, не дайце зрабіць перадачу”, — маліў чацвёрты…


Не толькі дзеля перамогі, а дзеля вось такіх эмоцый і варта выходзіць футбалістам на поле. Каманда прайграла, але падарыла незабыўныя адчуванні аматарам гульні, радасць ад чакання запаветнага гола і горыч расчаравання ад паражэння.


Да ведама балельшчыкаў: футбольнае свята, як адзначаюць у аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, будзе мець свой працяг. У наступную суботу бешанкавічане згуляюць з лёзненскімі футбалістамі, а ў ліпені — з футбалістамі з Гарадка і Аршанскага раёна. Пажадаем ім поспехаў! 
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *