Всем бабушкам бабушка


На гэтым канцэрце, які праходзіў у двары дома №5 па вуліцы Пушкіна ў Бешанковічах, не патрабавалі ўваходных білетаў, не крытыкавалі артыстаў, не выказвалі незадавальнення, калі перапынкі паміж нумарамі мастацкай самадзейнасці зацягваліся. Наадварот, іх цярпліва чакалі, падбадзёрвалі, шчодра адорвалі  апладысментамі.


Марыя Васільеўна Гаралевіч – рэжысёр, пастаноўшчык і касцюмер у адной асобе – запаўняла паўзы паміж выступленнямі тым, што выходзіла з-за імправізаванай сцэны, абуладкаванай пры ўваходзе ў пад’езд шматкватэрнага дома, і займала гледачоў віктарынамі, адгадваннем загадак. Пераможцаў узнагароджвала цукеркамі. За гэту амаль гадзіну, пакуль працягваўся канцэрт, ніхто не прайшоў міма. Спыняліся, пакідалі ўбаку веласіпеды і папаўнялі рады гледачоў. Іншыя назіралі за дзіцячай дзеяй з балконаў.


Жарты, смех, добры настрой, усмешкі на тварах. У засені дрэў ля канцэртнай пляцоўкі, якой стаў, напэўна, дыван з кватэры  Марыі Васільеўны, сабраліся ў гэты вечар больш за 40 чалавек. Дзеці, пенсіянеры, маці з немаўлятамі. Аб’ядналі ж дзесяткі людзей пяць дзяўчынак і іх кіраўнік М. В. Гаралевіч.


Група “Сяброўкі” ў саставе Юлі Гаралевіч, Нікі Цяпко, Хрысціны Місурагінай, Каці Бабковай і Насці Генетавай і сапраўды сяброўкі. Юля пазнаёмілася з імі ў Бешанковічах, куды прыязджае кожнае лета да бабулі на канікулы. А Марыя Васільеўна дапамагла дзецям з карысцю арганізаваць вольны час на канікулах, аб’яднала ідэяй дарыць людзям радасць.


— Наша Марыя Васільеўна – чалавек цікавы, творчы, — расказвалі суседзі. – Раней працавала ў гадавальніку лясгаса, цяпер –вартаўніком, хоць і на пенсіі. Здавалася б, дзе ўзяць час на сваю ўнучку, а яна знаходзіць яго, каб займацца і з чужымі дзецьмі. Паглядзіце, якія касцюмы яна прыдумала, у ход пайшлі ўсе нашы сукенкі і спадніцы. Сёлетняе выступленне, дарэчы,  — не першае. Два канцэрты ў нас было летась.


— І ў канцы лета яшчэ адзін будзе!  – з гонарам кажа Юля. —Бабуля ў мяне самая добрая! Мне віцебскія сябры заўсёды зайздросцяць, калі я расказваю ім пра тое, як правяла лета, паказваю фотакарткі. Бабуля паабяцала, што да наступнага канцэрта мы спячом торт, падрыхтуем выставу сваіх работ, новыя канцэртныя нумары…


Трэба было бачыць, з якім замілаваннем дарослыя сачылі за выступленнямі дзяўчынак. Прачытаўшы афішы, якія “Сяброўкі» расклеілі па ўсяму мікрараёну, на канцэрт прыбеглі і малыя з суседніх двароў. Песні, вершы, танцы ў выкананні дзяцей, напэўна, бачылі ўсе, у каго растуць  сыночкі і дачушкі. Тут яны выконваліся зусім па-іншаму: дзяўчынкі атрымалі галоўнае – права самарэалізавацца, паказаць сябе. І хаця выступалі без мікрафонаў, іх уважліва слухалі, наўкол стаяла абсалютная цішыня.


Падарункам жа за цудоўнае выступленне сяброўкам сталі салодкія прызы і шакаладныя медалі. Спонсарамі мерапрыемства выступілі… бабулі.