Пока не захоронен последний солдат


69 гадоў аддзяляюць нас ад першага дня вайны, але памяць аб тых трагічных днях, аб загінуўшых абаронцах Айчыны жыве  ў сэрцах людзей.


У першы дзень ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Бешанковічах прайшла цырымонія перапахавання астанкаў 24 воінаў Чырвонай Арміі і 2 удзельнікаў супраціўлення, якія  загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


У дзве гадзіны дня жалобная працэсія рушыла ад будынка раённага ваеннага камісарыята. Праводзіць абаронцаў Айчыны ў апошні шлях прыйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, жыхары райцэнтра, на перапахаванне прыехалі дэлегацыі  з сельскіх Саветаў, а таксама родныя аднаго з чырвонаармейцаў — Усмана Нужына —  асобу якога падалося ўстанавіць.


Астанкі чырвонаармейцаў былі знойдзены вайскоўцамі 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна падчас палявых работ у розных месцах Прыдзвіння.


Загінуўшыя воіны перапахаваны на брацкіх могілках з усімі воінскімі ўшанаваннямі. У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна ішлі жорсткія баі ўлетку 1941 года і падчас аперацыі «Баграціён» у 1944 годзе. Усяго ў бітвах на бешанковіцкай зямлі, як адзначыў у сваім выступленні падчас мітынгу-рэквіема на брацкіх могілках воінаў і партызан намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта М. А. Заблоцкі, загінулі каля 2 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, але гэта не канчатковыя дадзеныя. За фарсіраванне ракі Заходняя Дзвіна на ўчастку ў Бешанковіцкім раёне, утрыманне і пашырэнне плацдарму для наступлення ў аперацыі «Баграціён» больш за 150 воінам былі прысвоены ганаровыя званні Героя Савецкага Саюза, з якіх 25 чалавек пахаваны ў брацкіх могілках на тэрыторыі раёна. Пра подзвіг і неўміручасць слаўных сыноў нашай Радзімы ў сваіх выступленнях гаварылі таксама ваенны камісар раённага ваеннага камісарыята А. В. Дыса, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны С. Н. Карась, начальнік аддзела па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта В. М. Дарожка, унучка Усмана Нужына Н. К. Панамарова.


Вайна не скончана, пакуль не пахаваны яе апошні салдат. Таму з года ў год і ў нашым раёне вядзецца праца па ўвекавечанні загінуўшых, устаноўлена больш за 900 новых прозвішчаў загінуўшых воінаў, падтрымліваюцца ў парадку і добраўпарадкоўваюцца помнікі і абеліскі.


142 савецкія воіны ляжаць на брацкіх могілках у райцэнтры, у тым ліку 4 Героі Савецкага Саюза: М. П. Лугоўскі, Р. І. Спольнік, Г. Ф. Хараборкін, М. Ф. Шварцман. Усіх іх удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання.


Настаяцель прыходу Свята-Ільінскай царквы протаіерэй Віталь Кісель правёў абрад пахавання. Пад залпы стрэльбаў і гукі гімна астанкі воінаў-вызваліцеляў здабылі вечны пакой і вечную памяць…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *