На ваши вопросы ответит А. В. Матюшко

Новости района

Хоць і невялічкая вёсачка Навасёлкі (адна з распаўсюджаных назваў; сэнсавае значэнне – новае пасяленне), якая размясцілася на тэрыторыі Бачэйкаўскага сельсавета, але не згубілася яна на карце раёна, а па-ранейшаму жыве, гамоніць, весяліцца. А зусім нядаўна работнікі Бачэйкаўскага сельскага Дома культуры наладзілі тут сапраўднае свята, прысвечанае людзям і справам, гісторыі гэтага самабытнага і светлага куточка бачэйкаўскай зямлі.


Вёсачка сама дастаткова старажытная і ўваходзіла ў склад былога маёнтка Бачэйкава, уладальнікамі якога на працягу трох стагоддзяў былі князі Заслаўскія-Мсціслаўскія і іх адгалінаванне – Цеханавецкія. У 1906 годзе вёска належала Клешчынскаму сельскаму таварыству. У гэты час у ёй налічвалася 126 дзесяцін ворнай зямлі, 25 дзесяцін няўдобіцы, 16 двароў, 78 мужчын, 63 жанчыны. Пасля ліквідацыі Бачэйкаўскай воласці адносілася да Бачэйкаўскага сельсавета, калгаса «Бачэйкава». У 1996 годзе двароў ужо было 27, дзе пражывала 55 чалавек. Але ў 2008 годзе засталося толькі 20 двароў і 38 чалавек.


У цяперашні час у вёсцы пражывае больш за два дзясяткі чалавек. Амаль усе пенсіянеры, якія ў свой час шчыравалі жывёлаводамі на мясцовай малочнатаварнай ферме і ў цялятніку. Старажылам з’яўляецца ў мінулым даярка Галіна Міхайлаўна Піліпёнак. Звыш 50-ці гадоў пражылі разам карэнныя навасёлкаўцы Васіль Карпавіч і Паліна Харытонаўна Мураўскія. Ён – механізатар, яна – даярка. Бацькі выхавалі трох дачок, дачакаліся ўжо ўнукаў.


Вядучыя свята называлі ўсё новыя і новыя імёны жыхароў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку: Віктар Іванавіч Шыпуля (маёр міліцыі, узнагароджаны двума медалямі за ўзорную службу), Галіна Ціханаўна Панкевіч, у мінулым даярка і цялятніца. Словам, 11 чалавек атрымалі каштоўныя падарункі за ўдзел у конкурсах-аглядах на свяце ў Навасёлках. Кожны з жыхароў вёскі меў магчымасць пачуць у свой адрас цёплыя словы, песню ў выкананні народнага ансамбля «Крыніца», кіраўніком якога з’яўляецца Людміла Дзмітрыеўна Талстая.


Не забыліся і пра тых, хто сёння знаходзіцца ў працоўным страі. Гэта Алена Пятроўна Шыпуля, Уладзімір Пятровіч Піліпёнак, Сяргей Сямёнавіч Панкевіч, Павел Іванавіч Піліпёнак, Любоў і Мікалай Ружынскія.


– Колькі слоў трэба сказаць пра калектыў «Крыніца», – дадае дырэктар Бачэйкаўскага сельскага Дома культуры Тамара Віктараўна Ткачэнка. – Ён налічвае 15 чалавек. Самая старэйшая ўдзельніца калектыву – Надзея Фёдараўна Ганусевіч. Ёй 83 гады. А яшчэ гэта жанчына захапляецца вершамі. Піша пра вёску, жыхароў, прыроду, працу, каханне. Самымі маладымі ўдзельнікамі самадзейнага творчага калектыву з’яўляюцца Галіна Беразоўская і Марына Дзятлава, слухачы маглі пераканацца ў іх выканаўчым майстэрстве. У рэпертуары ансамбля самыя розныя беларускія і рускія народныя песні. Выконваюцца яны мілагучна, размерана і на дастаткова прафесійным узроўні, у чым вялікая заслуга Наталлі Фёдараўны Гарбачовай.


Па ходу свята прысутным задаваліся пытанні, праводзіліся музычныя конкурсы, у тым ліку конкурс прыпевак, гульні. Лепшай сядзібай, напрыклад, прызнана тая, дзе гаспадарамі Алена Пятроўна і Віктар Іванавіч Шыпулі.


Павіншаваць навасёлкаўцаў са святам вёскі прыехала старшыня Бачэйкаўскага сельвыканкама Галіна Віктараўна Шчука. Яна пажадала ім здароўя і даўгалецця. А моладзі дала наказ шанаваць гісторыю і ніколі не забывацца, што пуцёўку ў жыццё ім дала менавіта гэтая невялікая, але такая мілая душы і сэрцу вёсачка.


Навасёлкі – маленькая радзіма многіх выхадцаў з гэтай мясціны. Яна стала для іх незабыўным, утульным куточкам, сонечнай кропелькай, што скацілася з блакітных нябёсаў, глытком празрыстага паветра, настоенага водарам лугавых кветак і траў. Застаецца пажадаць усім жыхарам вёскі Навасёлкі:


Хай ад бліноў плыве дымок,


Стаіць вякамі ваша хата.


Хай ад бяды бароніць Бог,


І кожны дзень вам дорыць свята.


Гэтыя словы ўзяты з песні «Вёсачка мая», якую на развітанне выканаў народны самадзейны калектыў «Крыніца».


Свята закончылася, але вяскоўцы доўга яшчэ не разыходзіліся, нешта ўспаміналі, абмяркоўвалі. Значыць, свята ўдалося. Менавіта гэтага і дабіваліся работнікі Бачэйкаўскага сельскага Дома культуры.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *