Некалькі вечароў з Шапэнам

Творчество наших земляков

Наталля Галавач



Не была ніколі
Ў Жалязовай Волі,
Над ракой Утратай
Не стаяла я.
Ды ў снах, бывае,
Я туды лятаю –
І тады са мною
Музыка мая.
Вось і зноўку вечар
Абдымае плечы,
І кладзе на плечы
Смутак і журбу.
Толькі чым з журбою
Лепей мне з табою,
Мне з табой, узнёслым,
Лепей удвая.
Хоць і плачуць ноты
Сумам адзіноты,
Хоць і рве адчаем
Песня салаўя –
Як каралі, гукі,
І, як прывід, рукі.
…Слухаю Шапэна
Кожны вечар я.



Мазурка
Як дзіўна музыка гучала,
Як зала млела без цяпла.
А панна нешта вам шаптала –
У танцы лебедзем плыла.
Яна вяртляваю сцяжынкай
Бяжыць нястрымна праз гады –
Светлавалосая дзяўчынка
З вачыма колеру бяды.
Той бляск вачэй, як сотня “фортэ”,
Як поўні вечная журба.
…Шапэна новыя батфорты,
Мазуркі вычурныя “па”.



Эцюд
Да Польшчы вабнае, напэўна,
Рукою лёгкаю падаць.
Ды й беларускі сум напеўны
Вось што прымусіў узгадаць.
Малюе фарбамі прырода,
Кладзе на музыку пейзаж,
Адвеку прадаўжэнню роду
Такі адпавядаў віраж:
Яна і ён. І дудкі гукі
Ў палон уразлівы бяруць,
І цнотай вывераны рукі
Таемным шоргатам плывуць.
Як пастаральным фа мажорам
Спявае статак да начы!
Трава, прымятая ўзорам,
Аб таямніцы той маўчы.



Накцюрн
Соль дыез застыў слязою…
Па-над чырванню касцёла
Ў аблоках бірузою
Моўчкі мроілі анёлы.
Так лагодна, так рупліва
Поўня сон мой прывячала.
…Нечакана і пужліва
Песня ночы загучала.
Срэбным вэлюмам пяшчоты
Тая песня спавівала,
Ды нядоля адзіноты
Ўсё адчаем абдымала.
Над Утратай хваляй гукі
Разліваюцца ў спакоі.
Толькі душы, толькі рукі
За няўцешнаю смугою.
Мы згубілі свае скарбы.
…Поўня скрушная маўчала.
Ранак сцёр начныя фарбы –
Толькі музыка гучала.


Утрата – назва ракі бліз Жалязовай Волі ў Польшчы, дзе нарадзіўся Ф. Шапэн.


Вальс
Раз-два-тры, раз-два-тры, раз-два-
   тры, раз…
Кружыць і кружыць шапэнаўскі вальс.
— З кім гэта ён?
— Ах, з якой маладой!..
Думкі ў вечнасць ляцяць чарадой.
Зала агнямі ўся зіхаціць.
— Ах, як сукенка на ёй шамаціць!..
На заручоным пярсцёнку брыльянт…
— Вы незнаёмы?
— А хто ж гэты франт?
Такты адлічвае сцёрты паркет,
Сэрца з грудзей… ды адно – этыкет.
Лёсам шчаслівы падораны шанс,
Лёгкім жаданнем плыве рэверанс.
Прэлюдыя №4 “Ля магілы”
Я перад вечнасцю нямой,
Як перад споведдзю святой…
Яна вачніцамі пустымі
Мяне з’ядае, муліць, стыне.
Мізэрнасць – я, адной пясчынкай
Злячу ў Сусвет, а тут катрынкай
Пакорна трохі пагалосяць
І аднясуць, куды адносяць,
Калі адмерана струна –
Туды дарога ўсім адна.
…Я перад вечнасцю нямой,
Бясконцай, велічнай, пустой…


Балада
Падзелы Рэчы Паспалітай
Крывёю акрапляюць снег.
Сігнал “пабудкі” іх паклікаў,
Ды толькі спыняць гэты бег.
Чаму змарнелае сутонне
Так злосна позіркі кладзе?
Ужо рыхтуецца супоня –
Напэўна, быць якой бядзе.
Бяда, бяда ў Беларусі,
Бяда ў Польшчы, у Літве.
У вырай зладзіліся гусі,
А тут бяда, і нават дзве.
Глядзіш, і трэцяя нягода
Студзёным ветрам апякла.
У полі выла непагода,
Як кроў людская пацякла.
Тадэуш родам з Беларусі,
Адкуль і я, адкуль і ты.
Ды толькі сум мяне прымусіў
Прыйсці ў горкі час сюды.
Вось дуб стары – самотны дружа –
Заўжды суцішвае душу,
На ранку зрэзаную ружу
Я к ране дуба прылажу.
Агінскі тут алеяй крочыў,
Касцюшку сябра сустракаў.
Што лёс няўмольны ім прарочыў?
Што ён героям прадракаў?
За незалежнасць і свабоду
Сцягі Касцюшка ўздымаў,
І падымаліся народы,
І кожны меч у руках трымаў –
І беларусы, і ліцвіны,
І Польшчы верныя сыны,
За гонар роднае краіны
На смерць гатовыя яны.
Як не змагаліся за волю,
Куды супроць цароў папрэш?
Абралі зноў ярмо нядолі,
Дык гні спіну, пакуль і гнеш.
Варожы сілы сёння ў згодзе,
Табе – зямля, і мне – зямля.
Калі хто думаў аб народзе?
Аб тым, хто прагне з мазаля?
Ды й слова гэткае ж узялі –
Грабёж падзелам нараклі.
Матулю-мову адабралі
І раскідалі па зямлі.
Яна і сёння чужаніцай.
Ды з-пад зямлі струменьчык б’е.
І хто адведаў той вадзіцы,
Вадзіцу гэту ўжо і п’е.



Саната  сімінор.
Пахаронны марш
У беспрытульнасці змяркання,
Халодным сцюжам узамен
Сваім адхуквае дыханнем,
І зноў вяртаецца Шапэн.
Пасаж узнёсся феерверкам,
Аж дыхаць боязна ўраз…
І адбягае паняверка
Ў каторы раз, у каторы раз.
У гэтых гуках смак ажынаў,
Што ў дзяцінстве пан збіраў.
Цяпер далёка, на чужыне,
Ён неўзаметку паміраў.
Душа ў роспачы блукала,
Шукала ў цемрадзі святла,
Яна й кахаць – не дакахала,
І дацвісці – не дацвіла…
А смерць з ухмылкай паглядае,
І вось – знясілены, адзін,
Шапэн нясцерпна так рыдае,
І я рыдаю разам з ім.



…Шапэн… Пяшчотны геній чалавечы. Мой сумны, уражлівы і мудры Шапэн. Ты марыў пакоіцца ў роднай зямлі. Сэрца тваё ўмаравана ў нішу калоны касцёла Св. Крыжа ў Варшаве, а побач высечаны словы:
“Дзе скарбніца твая, там і сэрца тваё”.
 (Евангелле ад Матфея, гл. 6)



Прынашэнне Шапэну
Не, ты не Польшчы сын,
Не пасынак Парыжа –
Пасланец Бога ты з сусветаў
  невядомых.
Вунь, бачыце малечу каля дома
У куртачцы кароценькай і рыжай…
Ён пільна ў далячынь глядзіць.
Маўчыць.
Як быццам ведае бясконцасці
   сакрэты…
Мы ўсе яго пяшчотаю сагрэты.
Прарок. Алхімік. Воін света.
Божы сын.
Такіх сыноў у Бога небагата,
Душа якіх пакутамі распята.
Велікадушны, велічны Шапэн!
За тое, што тваёю вышынёю
Мне замінаеш ачарствець душою,
Дазволь мне прад табою на калені –
Неўтаймаваны, бессмяротны геній!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *