Захаваць дасягнутае і памножыць гэтыя дасягненні

Общество

У суботу дырэктар Лужаснянскай школы-iнтэрната-гiмназii Уладзiмiр Шыцько — давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі — правёў сустрэчы з выбаршчыкамі нашага раёна. Яны прайшлі ў памяшканнях СДК п. Ула і ў актавай зале філіяла ДРБУ – 110.


Аляксандр Рыгоравіч – дзеючы Прэзідэнт нашай краіны, яго перадвыбарная праграма ўжо апублікавана, таму размова ішла пра тое, што зроблена ў Беларусі за апошні перыяд і што плануецца зрабіць у будучым. Аналізуючы дасягнутае, параўноўваючы жыццё беларусаў у пачатку дзевяностых гадоў і сёння, лёгка прыходзіш да высновы, што мы сталі жыць лепей, багацей – і гэта рэальнасць.


Менавіта зыходзячы з тых рэалій, якія ёсць, дакладчык гаварыў пра тое, што наша краіна прырастае крок за крокам, таму мы абавязаны захаваць дасягнутае і памножыць гэтыя дасягненні. У Беларусі забяспечана харчовая бяспека, невялікі ўзровень злачыннасці, беспрацоўя, развіваецца прамысловасць, ствараюцца новыя прадпрыемствы, мадэрнізуюцца дзеючыя, будуецца жыллё, развіваюцца медыцына і адукацыя, рэалізуецца праграма дэмаграфічнай бяспекі, адраджэння і развіцця вёскі і іншыя. Вялікая ўвага з боку дзяржавы надаецца падтрымцы ўсіх катэгорый насельніцтва: моладзі, сем’ям, пажылым людзям.


Перспектывы ж развіцця дзяржавы на бліжэйшую пяцігодку акрэсліць чацвёрты Усебеларускі народны сход, пасяджэнне якога праходзіць 6 і 7 снежня ў Мінску. І шлях гэты будзе інавацыйным… За каго з дзесяці кандыдатаў у Прэзідэнты аддаць свой голас — гэта для сябе павінен кожны вырашыць сам, аднак усё пазнаецца ў параўнанні, зазначыў У. У. Шыцько.


Пустых абяцанняў наш Прэзідэнт не дае, гэта пацверджана жыццём. А хто яшчэ з прэтэндэнтаў на вялікую пасаду здольны зрабіць гэта? Кіраўнік дзяржавы чэсна заяўляе, што дабіцца ўсяго намечанага можна толькі шчырай працай усіх і кожнага, бо нішто не прыходзіць проста так, паляпшаць сваё жыццё мы павінны і самі. Не адмахваецца ўлада і ад праблем людзей, хаця, як зазначыў У. У. Шыцько, далёка не ўсе скаргі абгрунтаваныя, маюць пад сабой сур’ёзныя падставы. Часта людзі пішуць у вышэйшыя інстанцыі проста так, па добрай старой звычцы. Улада трымаецца на даверы людзей. Таму размова была абсалютна сумленнай і шчырай.


У. Шыцько развеяў міфы аб тым, што ўлада ў бліжэйшы час плануе павысіць пенсіённы ўзрост, што ў новым годзе адбудуцца рэзкі скачок цэн на прадукты харчавання і паслугі, дэвальвацыя беларускага рубля. У дыялог уступілі і жыхары раёна, у тым ліку і расіяне. У прыватнасці, людзі выказвалі абурэнне тым патокам гразі, які выліты ў апошні час у адрас А. Р. Лукашэнкі.


Сям’я Яўгена і Алены Гарошчанкаў з трыма дзеткамі пераехала ў Улу з Санкт-Пецярбурга.


“Пераехалі ў Беларусь, бо баяліся за дзяцей, хочам, каб яны мелі магчымасць жыць і расці ў спакойнай краіне, — расказвалі муж і жонка, — каб не ведалі, што такое наркотыкі, насілле… У Піцеры добра жыць толькі тым, у каго шмат грошай…”


 Усебаковую падтрымку А. Р. Лукашэнку выказалі ветэраны раёна, яны папрасілі разгледзіць мэтазгоднасць павелічэння колькасці месцаў для адзінокіх грамадзян у бальніцах сястрынскага догляду і аддзяленнях дзённага знаходжання для ветэранаў вайны і працы. Прыдзвінцы, якія прыйшлі на сустрэчы, убачылі ў асобе У. Шыцько не толькі прыхільніка Прэзідэнта, але і чалавека, які здольны вырашыць іх праблемы.


Жыхарка вёскі Мікалаёва Шумілінскага раёна, напрыклад, прасіла ўладу звярнуць увагу на праблемы іх населенага пункта, у прыватнасці, на ацяпленне шматкватэрных дамоў. Ульяне ўзнялі пытанне медабслугоўвання.


Просьба аб дапамозе прагучала і з вуснаў жыхара Бешанковіч, які выказаў занепакоенасць тым, што філіял нашага лясгаса збіраюцца зрабіць участкам, што пацягне за сабой яшчэ большыя нязручнасці для мясцовага насельніцтва, а таксама пагражае беспрацоўем для часткі членаў працоўнага калектыву.


— Усе праблемныя пытанні, якія ўзнімаюць у час сустрэч людзі, будуць прааналізаваны, — паабяцаў У. У. Шыцько, — і даведзены да ведама ўлады.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *