Мамина улыбка

Письмо в газету

Цёмна ў хаце. Цёмна на вуліцы. Там, за вокнамі, ідзе дождж. Ён такі ж  халодны, якім стала і маё сэрца. Сяджу за сталом, перад вачыма лічбы, лічбы, лічбы. Ізноў нічога не атрымліваецца. Спрабую рашыць задачу, але яна не даецца, адказ не супадае. Час ляціць хутка, прайшло некалькі гадзін, а мне яны здаліся хвілінамі. Адчуваю на сваёй галаве нечую руку. Падымаю галаву – вядома, гэта яна. Падышла нячутна, асцярожна. 


– Мама, – шапчу ёй, – ты тут?
 – Тут. Што ты, дачушка, не атрымліваецца што? – пытае, а сама ціхенька гладзіць мае валасы. Рука спрацаваная, натруджаная, але такая пяшчотная.
 – Не атрымліваецца, мама, зусім нічога не атрымліваецца.
  – Гэта бывае. Адпачні крыху, пасядзі, пагавары са мной, а потым, глядзіш, і атрымаецца.
Супакойвае мяне, абдымае, а ў самой сумныя, стомленыя вочы. Калі ж яны паспелі глыбока запасці ў вачніцы? Я гляджу ў іх і разумею, колькі бяссонных начэй яны правялі, колькі слёз пралілі над калыскай дзіцяці. Са здзіўленнем заўважаю, што і ў валасах маці ўжо праблісквае сівізна. Так рана… Яна ўсё больш і больш падфарбоўвае празрыстым срэбрам мяккія, доўгія валасы. Няўжо яна старэе, мая матуля, заўсёды такая маладая і жвавая? Не, для мяне яна заўсёды будзе маладая, нават калі галава стане белай, як снег. Я вельмі шкадую яе, бяру аберуч твар, цалую незвычайныя вочы. Шэрыя ці блакітныя? Здаецца, што яны ўвесь час змяняюць свой колер, цямнеюць ад крыўды і аж палаюць ад шчасця. На сонцы здаюцца празрыста блакітнымі, калі ж яно хаваецца за хмару, то шарэюць і матуліны вочы, але нават гэта не знішчае іх бляск, і маленькія зморшчынкі вакол іх паддаюцца прыгожымі.
  Так хочацца прыціснуцца тварам да чулага сэрца, удыхнуць знаёмы з дзяцінства водар мяты – так пахнуць матчыны валасы.
  Маці… Колькі ў гэтым слове нявыказанай пяшчоты, прыхільнасці, дабрыні і колькі мужнасці. Трэба ўмець быць маці, трэба мець адвагу і моцны, непахісны дух, каб даць жыццё новаму чалавеку. Я ганаруся ёй, маёй дарагой і шматпакутнай, і мне не сорамна стаяць перад ёй на каленях.
  – Матулечка, мая родная, як жа моцна я цябе люблю!
  Яна ўсміхаецца мне сваёй самай чароўнай, самай добрай усмешкай. Матуліна ўсмешка, цябе не зблытаю я з мільёнамі іншых. Такая пяшчота ў ёй толькі для мяне.
Матуля ўсё яшчэ ўсміхаецца, працягвае  рукі, асцярожна прыхінае да сябе і цалуе. Я таксама абдымаю яе і … прачынаюся. І тут я раптам разумею, што прыціскаюся тварам да падушкі, якую трымаю ў абдымках і ціхенька шапчу, а так хочацца крыкнуць: “Мама! Мамачка!” Слёзы бягуць па маіх руках, заліваюць коўдру, а я не бачу гэтага. Толькі хачу, каб яна заўсёды была побач, каб падтрымлівала ў горы, супакойвала, раіла, падзяляла хвіліны шчасця, усмешкі. Як жа не хапае мне матулінай шчырасці, ласкавага погляду, мілага твару. Толькі ў снах бачу яе, толькі ў снах плачу па ёй і прачынаюся са слязьмі. Я жыву ўспамінамі.
  – Мамачка! Мілая! Дзе ж ты? – клічу яе і чакаю. Чакаю, а ў адказ – толькі цішыня, цёмная, нямая, пазбаўленая цеплыні неабдымнага матчынага сэрца. Святло яго назаўсёды паглынуў вечны холад магілы. Я ведаю, што заўтра зноў пабачу сон, дзе яна ласкава ўсміхнецца мне і скажа: “Я тут, дачушка мая, я тут!” І я зноў заплачу, бо не забыць гэтую ўсмешку, і ніколі не перастану шукаць яе, хоць ведаю, што другой такой няма на свеце. У кожным маім сне матуля ўсміхаецца, яна верыць, што ўсё будзе добра. У такія моманты я зноў адчуваю сябе маленькай і шчаслівай, смяюся, абдымаю маці і кажу: “Мама, а мы заўсёды будзем разам? Мне так дрэнна было без цябе. Ты толькі не плач, мама, я ж цябе люблю!” Мне здаецца, калі я так скажу, то матуля не пойдзе, не пакіне мяне. “Дачушка мая, не бойся, я заўсёды буду з табой. Я жыву ў тваім сэрцы, у тваіх думках і буду жыць, пакуль памятаеш і прыходзіш да мяне”, – так кажа мне маці, і я веру ёй. Трымаю ў руках фотаздымак, я раблю так заўсёды, калі становіцца немагчыма жыць. Яна глядзіць на мяне, і погляд гэты гаворыць больш, чым могуць сказаць словы ўсіх моў свету. Я ніколі яе не пакрыўджу, зраблю ўсё, каб ёй не прыйшлося плакаць, прыкладу ўсе намаганні, каб і маці маёй было кім ганарыцца.
Не крыўдзіце сваіх матуль, любіце іх.


Жыццё такое кароткае, прабяжыць ракой шумнацечнай, праляціць птушкай легкакрылай, што нават азірнуцца не паспееш. Так, нярэдка мы губляем тое, што не ахоўваем, не шкадуем, а згубіўшы – плачам. Але тады ўжо позна, застаецца толькі жыццё з вечным цяжарам на душы. Не спазняйцеся прыйсці да маці, не губіце душы свае, бо не пазбавіцеся потым пачуцця віны. Нават сам час, найвыдатнейшы лекар чалавецтва, і ён не зможа выратаваць, толькі на хвілю суцішыць пякучы боль, але пасля кароткага перапынку ён стане яшчэ больш невыносным, а вы будзеце вечна вінаватымі, будзеце пакутваць, атручваць сваё жыццё, і не скончыцца гэта ніколі. Не рабіце матулям дрэнна, не прымушайце іх плакаць. Няхай не толькі ў гэты дзень вусны вашых матуль кране ўсмешка, а вочы зазіхацяць ад шчасця.
Марыя Санько,
студэнтка ВДУ імя П. М. Машэрава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *