Культурным і адукаваным лічыцца той чалавек, які ведае гісторыю, звычаі, абрады і мову свайго народа. Таму, каб зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю, выхаваць у іх беражлівыя адносіны да свайго мінулага, дапамагчы набыць краязнаўчыя, этнаграфічныя веды, у Каранеўскай школе-садку дзейнічае этнаграфічны музей. Пачаў ён стварацца ў 2007 годзе і зараз папаўняецца новымі экспанатамі. Кіруе музеем Вячаслаў Іванавіч Сланцаў, настаўнік беларускай мовы і літаратуры (на здымку).
Музей уяўляе сабой сялянскую хатку з усімі прадметамі сялянскага быту, зробленымі з дрэва, гліны, тканіны. Тут можна пасядзець за кроснамі, пакруціць кола калаўрота і патрымаць у руках старадаўнія прас, ліхтар…
Для вучняў і гасцей школы пастаянна праводзяцца экскурсіі. Экскурсаводы Лера Белавус і Толя Сухоцкі ў нацыянальнай вопратцы пераносяць сваіх слухачоў у далёкае мінулае, знаёмяць з абрадамі і традыцыйнымі святамі беларусаў.
— Мы хочам данесці да кожнага вучня, што народа без памяці не існуе, што трэба рабіць усё магчымае, каб зберагчы і перадаць наступным пакаленням традыцыі, без якіх няма будучага, — зазначыў Вячаслаў Іванавіч. — На вясну ў нас запланавана наведванне вёсак Забелле, Паўлавічы, Соржыца. Разам з дзецьмі мы будзем збіраць даўнія рэчы, каб яшчэ больш папоўніць экспазіцыю нашага музея.