В Бешенковичах открылась СТО

В трудовых коллективах

Больш увагі паляпшэнню эканомікі прадпрыемства мяркуе сёлета надаць кіраўніцтва ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства №21”. Як паказвае жыццё, аўтатранспартнікі не спадзяюцца стаць паспяховымі толькі пры аказанні асноўных вытворчых паслуг  па перавозцы пасажыраў і грузаў. Калі ўтрыманне парка грузавых машын для прадпрыемства рэнтабельнае, то пасажыраперавозкі прыносяць страты.


Так, па выніках мінулага года яны склалі 246 мільёнаў рублёў, у студзені бягучага года тут недалічылі яшчэ 50 мільёнаў. Таму калектыў рашуча адшуквае магчымасці стварэння і развіцця дадатковых відаў дзейнасці.Напрыклад, карыстаюцца попытам паслугі станцыі дыягностыкі, летась яна прынесла ў скарбонку АТП-21 108 мільёнаў рублёў. На мыйцы аўтамашын тут заробілі 800 тысяч, на шынамантажы і балансіроўцы колаў – больш за 17 мільёнаў, яшчэ 600 тысяч выручылі пры рэалізацыі ўкаранённай летась паслугі па вакуўмнай замене маслаў “Лукойл” з адначасовай іх рэалізацыяй.


У Год прадпрымальнасці транспартнікі праявілі ініцыятыўнасць і папоўнілі пералік паслуг для аўтааматараў. Перш-наперш прадпрыемства атрымала сертыфікат адпаведнасці паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў, а персанал прайшоў навучанне. А два тыдні таму на базе АТП-21 пачала дзейнічаць станцыя тэхнічнага абслугоўвання.


Уладальнікам аўтамабіляў сталі даступныя камп’ютарная дыягностыка і рамонт электронных бартавых сістэм аўтамабіля з дапамогай аўтасканера і  чатырохстоечнага пад’ёмніка фірмы “Launch”. З 10 сакавіка пасля завяршэння пуска-наладачных работ тут робяць і камп’ютарную дыягностыку вуглоў устаноўкі колаў (развал-сыходжанняў), а ў перспектыве закупяць яшчэ адзін пад’ёмнік для рамонту вузлоў і агрэгатаў аўтамашын. СТА ўжо прыняла сваіх першых наведвальнікаў, якія ацанілі рамонт падвесак, паліўнай і змазачнай сістэм легкавых машын.


Па словах дырэктара ААТ “АТП-21” Аркадзя Станіслававіча Гушчы, пакуль станцыя тэхнічнага абслугоўвання працуе з 8 да 17 гадзін з выхаднымі ў суботу і нядзелю. Скарыстацца яе паслугамі можна па папярэднім запісе. Алгарытм дзеянняў просты.


Кліенту неабходна патэлефанаваць на станцыю дыягностыкі і запісацца на чаргу. У назначаны дзень прыехаць на СТА, загнаць машыну на пад’ёмнік для агляду спецыялістам. У выпадку, калі будуць выяўлены няспраўнасці ў рабоце бартавых сістэм, уладальніку аўто выдадуць дэфектны акт, дзе апішуць усе паломкі, дадуць парады па іх рамонце і назавуць кошт работ. Пры адсутнасці няспраўнасцяў зробяць камп’ютарную дыягностыку падвескі. Па заканчэнні работ кліенту выдаецца заказ-нарад, на падставе якога паслуга аплочваецца ў касе станцыі дыягностыкі, і прадстаўляецца на месяц гарантыя якасці рамонту ў адпаведнасці са стандартам ТКП-132. Кошт 1 норма-гадзіны абслугоўвання на СТА ў залежнасці ад года выпуску машыны складзе каля 43 тысяч рублёў.


На здымку: начальнік станцыі А. І. Гладкоў і майстар па рамонце аўтамашын М. М. Бондар гатовы паклапаціцца і пра ваша аўто.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *