Ветераны живут заботами земляков

Общество

Раённы савет ветэранаў аб’ядноўвае 34 пярвічных і 11 цэхавых ветэранскіх арганізацый, яшчэ ў 8 установах назначаны адказныя за гэтую работу. Чым жывуць сёння людзі старэйшага пакалення, з якімі праблемамі сутыкаюцца і наколькі аператыўна іх удаецца вырашаць? Абмеркаваць гэтыя і іншыя пытанні на раённую справаздачна-выбарную канферэнцыю раённага савета ветэранаў сабраліся 52 дэлегаты з розных рэгіёнаў Прыдзвіння, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў раёна.


На парадак дня выносілася справаздача старшыні райсавета ветэранаў М. А. Лабкова аб дзейнасці грамадскага аб’яднання за апошнія 5 гадоў. Лідар ветэранскага руху раёна пазнаёміў прысутных з тым, як вырашаліся праблемныя пытанні, пастаўленыя перад райсаветам людзьмі старэйшага пакалення. Адзначалася, што толькі за апошнія два гады з 47 зваротаў задаволены 37.


Напрыклад, станоўча вырашыліся праблемы з добраўпарадкаваннем помніка ў Клешчыно і абуладкаваннем крытага аўтобуснага прыпынку ў Бачэйкаве, якія паднімаў К. М. Дамарацкі. А. С. Якушаў з былога сельгаспрадпрыемства “Асавец” ставіў пытанні па нарыхтоўцы паліва, Г. М. Вінакурава з Улы хадайнічала аб выдзяленні новага будынка пад бальніцу, рамонце КБА і арганізацыі тут памяшкання для работы тэлерадыёмайстэрні.


Па ініцыятыве У. М. Палеснікава адрамантавана дарога на вуліцы Лясной у Драздах. Па прапанове А. А. Шыёнка з вярхоўскай зоны арганізоўваліся экскурсійныя паездкі, за апошнія 2 гады ветэраны наведалі Обальскі музей камсамольскага руху, месца гібелі К. Заслонава ў Сянно, Буйніцкае поле пад Магілёвам, абмяняліся вопытам з Аршанскай раённай ветэранскай арганізацыяй. Райсавету ветэранаў шмат разоў даводзілася рэгуляваць пытанні вулічнага асвятлення, транспартных зносін, работы радыёкропак, навядзення парадку на зямлі і гэтак далей.
  Работа такая будзе прадоўжана і сёлета. Сярод праблем найбольш актуальнымі застаюцца стварэнне энцыклапедыі раёна, закладка алеі працоўнай славы, асвятленне вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры, рамонт дарогі ад энергазбыту да лазні, зніжэнне нацэнак на правядзенне жалобных мерапрыемстваў у рэстаране, распрацоўка арганізацыямі раёна сістэмы даплат старшыням пярвічных ветэранскіх арганізацый за грамадскую работу і льгот для ветэранаў працы.


Шмат гаварылася аб неабходнасці палепшыць работу па патрыятычным выхаванні моладзі, наладзіць урачыстыя пахаванні ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, з большай чуллівасцю адносіцца і да патрэб былых кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.


Словы падзякі за садзейнічанне ў вырашэнні надзённых праблем ветэранаў М. А. Лабкоў выказаў у адрас кіраўніцтва ўпраўлення па працы, ТЦСАН, ПМС, філіяла ДРБУ-110, райпалівазбыту. А вось райбальніцы, “Свіціну-ВМК”, РЭС параілі перагледзець адносіны да людзей старэйшага пакалення.


Дапоўнілі справаздачу выступленні старшынь пярвічных ветэранскіх арганізацый. А. В. Крачкоўскі з “Зары”, напрыклад, зрабіў акцэнт на ўвекавечанні гераічнага мінулага свайго народа, прапанаваў даваць назвы новым вуліцам у гонар славутых землякоў, герояў Вялікай Айчыннай вайны.


Апавядаючы пра стан спраў у сваім рэгіёне, А. С. Гетманаў з Сокарава шчыра дзякаваў раённай уладзе за будаўніцтва новага магазіна ў вёсцы, а таксама перадаў словы ўдзячнасці землякоў за добрую працу газавай і сацыяльнай службам, адзначыў паляпшэнне ўзроўню медыцынскага абслугоўвання пасля абнаўлення Ульскай амбулаторыі і Сокараўскага ФАПа, работы КСВУП “Нізгалава”, якое прыслухалася да прапаноў людзей і добра справілася з ачысткай дарог ад снегу.


Аб дзейнасці грамадскага аб’яднання, якое прадстаўляе інтарэсы былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх засценкаў, апавядала яго старшыня В. П. Лабкова, аб арганізацыі работы з састарэлымі грамадзянамі – начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама У. Р. Кухто. Аб удзеле ветэранаў у грамадска-палітычным жыцці рэгіёна гаварыў намеснік старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі. Вынікі сустрэчы падвёў намеснік старшыні абласнога савета ветэранаў А. Р. Сінкевіч.


Дэлегаты канферэнцыі далі высокую адзнаку рабоце райсавета ветэранаў. А Мікалай Апанасавіч Лабкоў быў адзінагалосна пераабраны на пасаду старшыні грамадскага аб’яднання на новы тэрмін.


На здымку: актывісты ветэранскага руху зноў разам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *