18 красавіка – Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін

2017 год - Год науки

  Святкаванне Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін прапанавана ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і памятных мясцін, створанай пры ЮНЕСКА, з мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да захавання аб’ектаў культурнай спадчыны.


Гэтае свята – свята нашай культурнай спадчыны, нашых архітэктурных помнікаў і прыродных запаведнікаў, нашых фальклорных і навуковых здабыткаў, гістарычнай памяці — усяго таго, што аб’ядноўвае нас як нацыю.


Адлюстраваннем працы па выяўленні і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны з’яўляецца вядзенне Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, у які ўнесены адзначаны больш за 4800 аб’ектаў спадчыны.


— Сярод гэтых аб’ектаў, — адзначае дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея  Г. І. Берасцень, — 31 прыходзіцца на Бешанковіцкі раён. Гэта 14 курганаў і курганных могілак, 9 брацкіх могілак 1941-1945 гг., 4 царквы  (дзве Мікалаеўскія ў в. Дабрыгоры і в. Слабодка, Свята-Ільінская ў Бешанковічах і руіны касцёла ў Астроўне), 2 паркі ў в. Бачэйкава і в. Дабрыгоры, палаца-паркавы ансамбль у Бешанковічах і сядзібны комплекс “Нізгалава”. Два апошнія аб’екты адносяцца да 2-й катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей.


Сёння ў раёне   ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў па ўліку, захаванні, утрыманні,   рацыянальным выкарыстанні і аднаўленні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 г. №98-З “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, супрацоўнікамі музея  абследаваны і сфатаграфаваны ўсе помнікі і гістарычныя мясціны, занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, на іх аформлены ўліковыя карткі.  Зараз праводзіцца работа па перазаключэнні з уладальнікамі культурна-гістарычных  аб’ектаў новых ахоўных абавязацельстваў.


Размяшчэнне гісторыкакультурных каштоўнасцей раёна ўдала супадае з   магчымасцю арганізацыі тут турыстычных маршрутаў тэматычнага накірунку. Так, супрацоўнікамі музея распрацаваны два турыстычныя маршруты па гістарычных мясцінах Прыдзвіння. Маршрут “Гэты памятны 44-ы” (Бешанковічы – Галыні – Узрэчча – Ула – Фролкавічы) дае магчымасць усім жадаючым наведаць помнікі на брацкіх могілках воінаў, загінуўшых пры вызваленні Бешанковіцкага раёна. Другі маршрут – “Палаца-паркавыя ансамблі Бешанковіцкага раёна” (Бешанковічы – Бачэйкава – Двор Нізгалава – Ула).


Засталося не так многа часу да святкавання Дня Перамогі, а ў гэтым годзе мы будзем адзначаць і 70-годдзе з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Таму пытанню захавання помнікаў абаронцам Айчыны, навядзення парадку на іх надаецца вялікая ўвага. Берагчы памяць  аб людзях, цаной жыцця якіх заваяваны свабода і незалежнасць нашай краіны,  — абавязак кожнага з нас.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *