На пашавае ўтрыманне

Заботы сельские

Жывёла пераводзіцца на пашавае ўтрыманне. Згодна загаду ўпраўлення райсельгасхарчу, кіраўнікам гаспадарак да 25 красавіка трэба распрацаваць арганізацыйна-тэхналагічныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да летня-пашавага ўтрымання жывёлы, па выкарыстанні пашавых угоддзяў, удакладніць схемы “зялёнага канвеера”, выкарыстання пашавых угоддзяў для першаснай падкормкі і страўлення жывёле, падабраць кадры для арганізацыі кругласутачнай пасьбы. Практычна завершаны рамонт і пастаўлены на лінейку гатоўнасці даільныя ўстаноўкі, ёмістасці для вады і малака, станкі для штучнага асемянення, домікі для жывёлаводаў, правераны стан электравыгарадак, закуплена абсталяванне для выпасу БРЖ, а таксама спецадзенне – боты і плашчы.


У гэты перыяд асаблівая ўвага звяртаецца на якасць малочнай прадукцыі і захаванасць маладняку. Упраўленне райсельгасхарчу рэкамендуе прымяняць для выпайкі цялят заменнікі цэльнага малака.  Ветэрынарным службам гаспадарак даручана забяспечыць неабходны комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы жывёлы да пераводу на пашавае ўтрыманне.


Неабходна актывізаваць і падкормку пашаў, бо выпас на гэтых участках магчымы толькі праз 3 тыдні пасля ўнясення мінеральных тукаў. А перад выганам пагалоўя ў поле кожную пашу павінны камісійна агледзець зааветспецыялісты і задакументаваць актам аб прыгоднасці яе выкарыстання.


Як адзначылі ў аддзеле па вытворчасці, збыту і інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу, частка мяснога пагалоўя БРЖ і цёлак ужо выпасаецца на няўдобіцах і прыфермерскіх тэрыторыях з кармленнем у начны час. Тры гурты цёлак і адзін гурт кароў перавялі на пашавае ўтрыманне. У бліжэйшыя дні неабходна завяршыць фарміраванне гуртоў для выпасу жывёлы, а да 25 красавіка перавесці кароў і цёлак на пашавае ўтрыманне.


Сярод першарадных задач у гэтыя вясновыя дні стаіць і навядзенне парадку на жывёлагадоўчых аб’ектах, уборка рэшткаў корму, смецця і гною. Да гэтай работы прыцягваюцца не толькі спецыялісты гаспадарак, але і ўсе працаўнікі фермаў.