Пасеяць якасна, у аптымальныя тэрміны

Заботы сельские

  Сёлетняй вясной земляробам раёна, каб выканаць пастаўленыя задачы па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, дзяржаўны заказ раслінаводчай прадукцыі і ў поўным аб’ёме забяспечыць грамадскае пагалоўе кармамі, трэба правесці яравую сяўбу на плошчы 14469 гектараў. Неабходна пасеяць 9922 га яравых зерневых і зернебабовых культур, 700 га льну, 30 га гародніны, 245 га бульбы, у кармавой групе пасеяць 2920 га кукурузы, 652 га аднагадовых траў, правесці падкормку азімых зерневых на плошчы 10270 га, азімага рапсу на плошчы 3285 га, шматгадовых траў – 16132 га, унесці 200000 тон арганічных угнаенняў на плошчы 3195 га. На кармавым палетку трэба падсеяць 5673 га шматгадовых траў. У тым ліку 4800 га бабовых і бабова-злакавых сумесяў.
  Ці гатовы гаспадаркі раёна да правядзення  вясенне-палявых работ? Каб дэталёва прааналізаваць сітуацыю, пытанне “Аб падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ 2011 года” было вынесена на разгляд раённага выканаўчага камітэта, пасяджэнне якога прайшло ў мінулую пятніцу пад старшынствам старшыні раённага выканаўчага камітэта Л. К. Пянькоўскага.  Але перш чым заслухаць адказных службовых асоб аб стане спраў на месцах, удзельнікі пасяджэння наведалі ПСУП “ААБ Наватар”, каб усё пабачыць на свае вочы.


Лепш адзін раз убачыць
  Больш за два дзесяткі магутных трактароў з прычапным інвентаром, пастаўленыя на лінейку гатоўнасці, уражвалі. Як зазначыў дырэктар гаспадаркі Д. В. Пятрашка, наватарцы хоць сёння гатовы да выезду ў поле. Як і выканаць пастаўленую задачу: пасеяць яравыя культуры на двух тысячах гектараў. У іх лік уваходзяць і землі сельгаспрадпрыемства імя Каранеўскага, рашэнне аб аб’яднанні гаспадарак ужо прынята. А неабходныя насенне, угнаенні, сродкі аховы раслін набыты.
  Як далажыў Прэзідэнту А. Р. Лукашэнку ў час яго рабочай паездкі ў Мінскую вобласць міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, у гэтым годзе сельгаспрадпрыемствы краіны ўпершыню будуць забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі на 100 працэнтаў.
  Паводле слоў Аляксандра Якабсона, старшыні КДК, гатоўнасць тэхнікі складае ад 92 працэнтаў да 96 працэнтаў. Гатоўнасць трактароў у нашым раёне па стане на 31 сакавіка складала 95% ад агульнай колькасці.
  Для правядзення вясенне-палявых работ у сельскагаспадарчых прадпрыемствах Прыдзвіння маюцца 135 энерганасычаных трактароў, 47 чызельных культыватараў, 51 камбінаваны  глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат, 51 раскідвальнік цвёрдых мінеральных угнаенняў, 29 раскідвальнікаў арганічных угнаенняў. Нагрузка на адзін энерганасычаны трактар складае 107 га яравой сяўбы, на адзін чызельны культыватар – 307 га, на адзін камбінаваны глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат – 283 га, на адзін раскідвальнік арганічных угнаенняў – 6896 тон або 110 га.
  Веснавыя палявыя работы ў краіне пачаліся ў поўным аб’ёме. Вядзецца актыўная падкормка азімых, рапсу, шматгадовых траў і пашы. У гэтым годзе на сяўбе ў краіне будуць дадаткова задзейнічаны каля 600 энерганасычаных трактароў, усяго ж па рэспубліцы іх налічваецца каля 4,8 тысячы. У гаспадарках нашага раёна ўжо таксама завяршаюцца  работы па падсеве шматгадовых траў пад азімыя зерневыя культуры, па стане на 30 сакавіка яны былі праведзены на плошчы 4700 га, распачаты ўжо і работы па ўнясенні хлорыстага калію пад яравыя культуры і шматгадовыя травы.
   У дастатковай колькасці закуплена тэхнікі і ў “ААБ Наватар”. Як зазначыў Д. В. Пятрашка, ёй ужо мала месца на тэрыторыі машыннага двара в. Ржаўка. Таму прынята рашэнне аб аднаўленні верхнякрывінскай мехмайстэрні. Гаспадарка з дапамогай інвестара паціху развіваецца, будуюцца, аднаўляюцца  жывёлагадоўчыя памяшканні, у планах — узвядзенне свінакомплексу, наладжванне перапрацоўкі атрыманай прадукцыі. 
  На здымках: у час наведвання машыннага двара “ААБ Наватар”; на палетках гаспадаркі актыўна вядзецца падкормка пасеваў. Агрэгат “Раса” на гумавых колах за дзень можа падкарміць 200-гектарную плошчу.


Што пасееш, тое і пажнеш
Краіне патрэбна сельгаспрадукцыя, асабліва падкрэсліў кіраўнік раёна Л. К. Пянькоўскі. Цэны на прадукты харчавання растуць, таму важна нічога не ўпусціць, правесці работы якасна і ў вызначаныя тэрміны, падысці да выканання задачы па-гаспадарску. Нездарма Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Мінскую вобласць заслухаў выкананне даручэнняў па стварэнні ўмоў для захоўвання бульбы і іншай агародніннай прадукцыі, запатрабаваў максімальна паскорыць работу па будаўніцтве ў Беларусі новых бульбасховішчаў, у першую чаргу за кошт рэканструкцыі неэфектыўна выкарыстоўваемых і пустуючых памяшканняў, у пытанні экспарту айчыннай сельгаспрадукцыі зарыентаваў Мінсельгасхарч на заключэнне доўгатэрміновых кантрактаў. Аляксандр Лукашэнка асабліва звярнуў увагу на неабходнасць нарошчвання сельгасвытворчасці ў краіне і павышэнне яе эфектыўнасці ў сувязі з тым, што попыт на гэту прадукцыю ў суседніх і іншых краінах у перспектыве будзе толькі ўзрастаць. «За пяцігодку калі зробім рэнтабельнай сельскую гаспадарку (без дзяржпадтрымкі), краіна будзе жыць. Калі мы выйдзем на 10-12 працэнтаў рэнтабельнасці ў сельскай гаспадарцы па году, мы забудзем, што ў нас ёсць праблемы на зямлі», — рэзюмаваў беларускі лідар.
  У цэлым беларускія аграрыі плануюць завяршыць сяўбу ранніх збожжавых культур да 1 мая, лёну — да 5 мая, бульбы і кукурузы — да 9 мая, да 20 красавіка выканаць падкормку азімых культур, шматгадовых траў, сенакосаў і пашаў. Наш раён плануе сабраць 60 тысяч тон зерня.


Не забыць пра людзей
Размову прадоўжылі ўжо ў вялікай зале райвыканкама. Са справаздачай выступіў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч, яго намеснікі М. В. Кавалёнак, А. А. Булаўкін, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, раённых службаў, якія будуць забяспечваць правядзенне пасяўной кампаніі. У цэнтры ўвагі кіраўніцтва раёна былі таксама забяспечанасць гаспадарак механізатарскімі кадрамі, спецадзеннем, тэхнікай, праходжанне яе тэхагляду, медыцынскі агляд працаўнікоў вёскі, падрыхтоўка пунктаў грамадскага харчавання, стварэнне брыгад па рамонце трактароў і сельгасмашын у палявых умовах, умовы павышэння маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці ўдзельнікаў вясенне-палявых работ,  пытанні эканоміі і беражлівасці, сітуацыя з гібеллю азімых пасеваў на палях і іншыя.
   Што пасееш, тое і пажнеш. Пра гэта павінны памятаць усе. Галоўнае ў любой справе – людзі, іх адказнасць да выканання даручанага ўчастка работы, старанне, прафесіяналізм. Таму раённы выканаўчы камітэт паставіў перад кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў задачу правесці перад пачаткам пасяўной кампаніі ў гаспадарках сходы, пагаварыць з людзьмі, паставіць задачы, пацікавіцца іх меркаваннем наконт эфектыўнай арганізацыі работы, расказаць пра меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. І абавязкова паклапаціцца аб выкананні на месцах суб’ектамі гаспадарання раёна Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 ад 11 сакавіка 2004 года “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, каб папярэдзіць няшчасныя выпадкі на вытворчасці, не дапусціць калецтва і гібелі людзей.
  Работа ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ў гэтым накірунку была падвергнута крытыцы з боку старшыні раённага выканаўчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *