На абноўленай сцэне РДК

2017 год - Год науки

Абноўлены РДК рады сустрэчы з жыхарамі раёна, а  яго работнікі гатовыя разнастаіць і насыціць культурнае жыццё землякоў прыемнымі сюрпрызамі. Што зменіцца пасля наваселля ў рабоце ўстановы культуры, якія новыя знаходкі і формы работы плануецца прымяніць? Пра гэта мы запыталіся ў мастацкага кіраўніка РДК В. А. Сергіенкі.  


 — Вольга Аляксандраўна, якія творчыя калектывы сёння працуюць на базе РДК?
  — На базе РДК дзейнічаюць 12 калектываў і аматарскіх аб’яднанняў, з іх 5 маюць назву “народны” і “ўзорны”. Большасць з іх даўно вядома прыдзвінцам і збірае поўныя залы. Ужо 40 гадоў радуе гледачоў добрай песняй народны хор РДК, якім доўгі час кіравала Любоў Пятроўна Казлова, а зараз — Соф’я Іванаўна Панкевіч. Калектыў — часты ўдзельнік і пераможца раённых і абласных аглядаў-конкурсаў. Удзельнічаў ён і ў Днях культуры Віцебскай вобласці ў Смаленску, стаў лаўрэатам першага і другога рэспубліканскіх фестываляў “Беларусь – мая песня”. У 1987 годзе ўдзельнікі народнага хора РДК былі ўзнагароджаны медалямі лаўрэатаў Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці.
   У 1980 годзе даў свой першы канцэрт народны аркестр народных інструментаў. Гэта ганаровае званне калектыў, якім кіруе Алена Аляксееўна Ядрэўская, носіць з 1986 года. Народны аркестр з’яўляецца дыпламантам першага Усебеларускага фестывалю “Беларусь – мая песня” і прапагандуе народную музыку, творы рускіх, беларускіх і замежных кампазітараў. На ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, папулярызацыю ваенных і народных песень, арганізацыю адпачынку людзей пажылога ўзросту арыентаваны народны клуб “Ветэран”, які працуе пры РДК з 1985 года і ўжо 16 гадоў носіць званне “народны”. Кіраўніком клуба з’яўляецца Вольга Паўлаўна Качанава.
   Напэўна, ні адно мерапрыемства раённага ўзроўню не абыходзіцца без ансамбля народнай песні “Весялуха”. Калектыў, якім кіруе Зінаіда Пятроўна Насыр, вядзе актыўную канцэртную дзейнасць 21 год. Самадзейныя выканаўцы працуюць з вялікім творчым натхненнем, выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці мясцовы фальклор, рыхтуюць харэаграфічныя замалёўкі, што і садзейнічала атрыманню 8 гадоў таму звання “народны”.
  Маюць асаблівы каларыт і па-новаму гучаць беларускія народныя песні і творы, напісаныя ў стылі “фольк”, у выкананні ўзорнага ансамбля фольк-стылю “Званіца”, які ў верасні 2001 года быў створаны на базе эстраднай студыі РДК. У складзе калектыву дзяўчынкі школьнага ўзросту. З імі займаецца Наталля Эдуардаўна Бондар. Самымі адметнымі выступленнямі ансамбля можна лічыць удзел у нацыянальным тэлевізійным конкурсе юных талентаў “Сузор’е надзей” і ў абласным заключным канцэрце ў рамках другога Усебеларускага фестывалю народнай творчасці “Беларусь – мая песня”.
    — Работа якіх гурткоў, секцый і аматарскіх аб’яднанняў сёння арганізавана пры РДК?
   — Сваю дзейнасць працягваюць любімыя прыдзвінцамі тэатр мініяцюры “Не промах”, тэатральны гурток, эстрадная студыя, вакальна-інструментальны ансамбль “Усё спачатку”. Да паслуг жыхароў райцэнтра фітнес-клуб, а з навінак – адкрыццё танцавальнага гуртка для дзяцей і падлеткаў. Акрамя таго, будзе адноўлена дзейнасць дзіцячага клуба “Сонейка”, які займаецца арганізацыяй музычна-гульнёвых, забаўляльных праграм для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.
   —  Вольга Аляксандраўна, а якімі музычнымі сустрэчамі плануецца парадаваць гледачоў у бліжэйшы час?
  — Кожныя выхадныя ў новым Доме культуры жыхароў раёна культработнікі будуць збіраць на канцэрты і тэматычныя праграмы. 20 верасня, напрыклад, пройдзе прэзентацыя калектываў мастацкай самадзейнасці РДК, 28-га – урок беларускай культуры “Народнай песні хараство”, 30-га – гумарыстычны спектакль “Смехатэрапія”.
   Да Дня пажылых людзей, які адзначаецца 1 кастрычніка, ладзіцца вечар-партрэт “Крануць душу”, а 15  кастрычніка – тэматычны вечар “Жыццё пражыць – не поле перайсці”.  14 кастрычніка пройдзе вечар-партрэт да Дня маці “Самая прыгожая з жанчын…”, 15-га – тэматычная дыскатэка для моладзі ў межах раённага фестывалю “Моладзь –  за здаровы лад жыцця”, 16-га – музычна-забаўляльная праграма для дзяцей “Дарагая самая”. На 23 кастрычніка запланаваны канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці СДК аграгарадка “Астроўна”, а 28 кастрычніка чакаецца “Вялікі канцэрт” калектываў РДК. Заўважу таксама, што кожную нядзелю месяца ў РДК працуе “Клуб выхаднога дня”.
  — Трэба спадзявацца, што на абноўленай сцэне РДК будуць выступаць і зоркі беларускай эстрады…
  — Безумоўна. Мы працуем і ў гэтым накірунку. Ужо ў бліжэйшыя выхадныя, 25 верасня, да нас з канцэртнай праграмай “Для цябе” завітае эстрадны спявак, кампазітар і музыкант Дзмітрый Смольскі. Ён выступіць у суправаджэнні групы “Талент”. Канцэрт запланаваны на 17 гадзін, кошт білета – 20 тысяч рублёў. Запрашаем землякоў на гэтую музычную сустрэчу.   
 На здымку: ідзе рэпетыцыя ансамбля народнай песні «Весялуха»  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *