Улльский сельисполком разрабатывает план по благоустройству на 2012 год

Актуально

Сярод першарадных задач, якія вырашаюцца мясцовай уладай, значацца пытанні навядзення парадку на зямлі. На дварэ яшчэ зіма, а сельвыканкамы ўжо распрацоўваюць планы па добраўпарадкаванні на бягучы год і мяркуюць зацвердзіць іх на сваіх пасяджэннях у лютым.
  Па словах старшыні Ульскага сельвыканкама Генадзя Ільдэфонсавіча Анашкі, на 2012 год у бюджэце сельвыканкама прадугледжаны асігнаванні ў памеры 25 мільёнаў рублёў на работы па акультурванні населеных пунктаў. У першую чаргу парадак будуць наводзіць у вёсках, якія прымыкаюць да галоўных транспартных артэрый раёна.
   Пакуль план па добраўпарадкаванні Ульскага сельвыканкама знаходзіцца ў распрацоўцы. Але ўжо зараз можна абазначыць некалькі асноўных накірункаў работы. Па-першае, мясцовая ўлада мяркуе завяршыць устаноўку агароджы на Сокараўска-Сапежскім могільніку, а таксама выгарадзіць вуліцу Цэнтральную ў Сокараве.
   Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, закуплены будаўнічыя матэрыялы. Рэалізаваць задуму дапаможа цэнтр занятасці, які выдзеліў Ульскаму сельвыканкаму 15 мільёнаў рублёў і памочнікаў з ліку беспрацоўных грамадзян. Частка гэтых грошай пойдзе на аплату іх працы, другая, а таксама ўласныя сродкі, будуць скарыстаны на закупку матэрыялаў.
   З прыцягненнем беспрацоўных грамадзян плануецца правесці таксама замену агароджы ля дзіцячага садка ў Уле. Неабходную колькасць пралётаў агароджы сельвыканкаму паставіць раённы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва.
   Яшчэ 43 мільёны рублёў сельвыканкам прадугледзіў на работы па ўтрыманні і рамонце вулічнай сеткі. У бліжэйшыя тыдзень-другі тут вызначаць, дзе і якія работы правядуць у 2012 годзе. Летась жа былі падсыпаны і дагледжаны дарогі ў населеных пунктах Ула, Ульянаўка, Сокарава, Жданава, пад’езды да некаторых грамадзянскіх могільнікаў.
   Дарэчы, у 2011 годзе ў Уле шмат увагі было нададзена догляду за месцамі пахавання. Тут правялі інвентарызацыю ўсіх 19 могільнікаў, склалі іх схемы, прысвоілі парадкавыя нумары. А месца масавага пахавання ў пасёлку Ула перададзена на баланс камунальнай службы, якая цяпер будзе займацца яго добраўпарадкаваннем. Як зазначыў Генадзь Ільдэфонсавіч, паступова і астатнія 18 грамадзянскіх могільнікаў будуць перададзены пад апеку камунальнікам.