Исполняется 70 лет со дня создания 46-й гвардейской Краснознамённой стрелковой дивизии

Слава Придвинья

 У 2012 годзе   спаўняецца 70 гадоў з дня стварэння 46-й гвардзейскай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі, якая ўваходзіла ў склад 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту.  Яе байцы, камандзіры і палітработнікі ўпісалі ў летапіс Вялікай Айчыннай вайны нямала слаўных старонак, у тым ліку і звязаных з вызваленнем нашага райцэнтра ў канцы чэрвеня 1944 года… Напярэдадні фарсіравання
 Заходняй Дзвіны камандуючы 6-й гвардзейскай арміі генерал І. М. Чысцякоў перад  асабовым саставам 2-га стралковага корпуса, куды ўваходзіла 46-я стралковая дывізія, паставіў задачу: быць гатовымі на трэці дзень аперацыі “Баграціён” нанесці ўдар на Бешанковічы, фарсіраваць Заходнюю Дзвіну, захапіць на супрацьлеглым беразе плацдарм і рашучай атакай авалодаць райцэнтрам.
  Выконваючы загад, перадавы атрад дывізіі ў складзе 3-га батальёна 139-га стралковага палка ў 11 гадзін 25 чэрвеня 1944 года пад моцным агнём праціўніка фарсіраваў раку ў раёне населеных пунктаў Стрэлка — Храпавішчана, авалодаў імі і завязаў бой на паўночна-усходняй ускраіне г. п. Бешанковічы.
  “Пад прыкрыццем перадавога і разведвальных атрадаў дывізія на падручных сродках, праяўляючы знаходлівасць, у 16 гадзін пачала перапраўляцца цераз Дзвіну на ўчастку Храпавішчана — Цагельня (пасёлак цаглянага завода) і к 22 гадзінам асноўнымі сіламі выйшла на рубяжы,  працягваючы разведку ў напрамку Лабачова, Старыя Ранчыцы. Праследваючы адыходзячага праціўніка ў агульным накірунку на Бешанковічы, Камень, Ушачы, байцы дывізіі  не давалі яму замацавацца на выгадных водных і наземных рубяжах, знішчала яго часці, жывую сілу і тэхніку”, — чытаем у дзённіку баявых дзеянняў  падраздзялення, што захоўваецца ў фондах раённага гісторыка-краязнаўчага музея.
  Такім чынам, ва ўзаемадзеянні з войскамі 71-й  стралковай дывізіі Бешанковічы былі вызвалены ад ворага.
  Амаль не затрымліваючыся ў межах гарпасёлка, дывізія рушыла далей. К зыходу дня 26 чэрвеня 1944 года 46-я гвардзейская стралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Кузьмы Андрэевіча Васільева (літаральна напярэдадні фарсіравання Заходняй Дзвіны ён змяніў на гэтай пасадзе Героя Савецкага Саюза, гвардыі генерал-маёра Івана Міхайлавіча Някрасава) выйшла да ракі Ула, фарсіравала яе і раніцай наступнага дня працягвала наступленне ў напрамку Ушач.
  Пры вызваленні раёна вызначылася нямала байцоў і камандзіраў дывізіі. Сярод іх поўныя кавалеры ордэна Славы гвардыі старшына Котаў, гвардыі малодшы сяржант Кісялёў, гвардыі палкоўнік, камандзір 135-га гвардзейскага стралковага палка Феадосій Андрэевіч Шаплюк, кавалер трох ордэнаў Чырвонага Сцяга, а таксама Айчыннай вайны 1 ступені, Чырвонай Зоркі і многіх іншых.
  Пра тыя далёкія падзеі, звязаныя з мужнасцю і гераізмам салдат і афіцэраў падраздзялення пры фарсіраванні Заходняй Дзвіны і авалоданні плацдармам на яе супрацьлеглым беразе, яскрава сведчаць радкі з франтавога друку. У прыватнасці, заметка  П. Паўлоўскага, змешчаная ў дывізійнай газеце “Сцяг Радзімы” (№90 ад 29 чэрвеня 1944 года), паведамляла: “Пры фарсіраванні ракі выключную адвагу праявілі камуністы і камсамольцы. Згараючы нястомным жаданнем вызваліць з фашысцкай няволі сваіх братоў-беларусаў, член партыі гвардыі старшына Ф. Яцэнка на падручных сродках адным з першых пераплыў раку. У баі за вёску Храпавішчана ён захапіў у палон двух немцаў. Смела дзейнічаў у баі і член камсамольскага бюро І. Машкоў. Разам з камсамольцам Жураўлёвым, фарсіраваўшы Дзвіну, кінуўся  ў нямецкую траншэю і забіў у ёй трох фашыстаў.
  Умела дзейнічалі сувязісты пад кіраўніцтвам камандзіра роты сувязі Баландзіна. Гвардзейцы яго падраздзялення не толькі самі хутка фарсіравалі Заходнюю Дзвіну, але пераправілі і рацыю, забяспечыўшы тым самым бесперабойную сувязь з камандзірамі наступаючых падраздзяленняў.”
  Гэтыя сціплыя радкі аўтара сведчаць пра многае. Менавіта напорыста, з веданнем справы асабовы састаў дывізіі дзейнічаў і ў далейшым. Нездарма яна за перыяд з 1 студзеня па 1 ліпеня 1944 года  вывела са строю звыш 9-ці тысяч салдат і афіцэраў праціўніка, узяла ў палон 177 чалавек, знішчыла вялікую колькасць тэхнікі і ўзбраення ворага, вызваліла 250 населеных пунктаў, частка з якіх прыпадае і на тэрыторыю нашага раёна. Ордэнамі і медалямі за гэты перыяд былі ўзнагароджаны 2222 байцы і камандзіры.
  Дывізія вызначылася таксама пры вызваленні Прыбалтыкі, пры знішчэнні Курляндскай групоўкі праціўніка і паспяхова закончыла свой баявы шлях.
         Перад светлай памяццю загінуўшых і памерлых вызваліцеляў раёна мы, удзячныя нашчадкі, нізка схіляем свае галовы.
Анатоль КРАЧКОЎСКІ,
 супрацоўнік Бешанковіцкага раённага гісторыка-
краязнаўчага музея.
  На здымках: гвардыі маёр, былы намеснік камандзіра батальёна 141-га гвардзейскага стралковага палка  Раман Іванавіч Падплётаў не раз наведваўся ў Бешанковічы пасля вайны; удзельнікі вызвалення Бешанковіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *