20 мая десятки тысяч людей зажгли свечи памяти

Актуально

Зараз у свеце больш за 35 мільёнаў людзей жывуць з ВІЧ, каля 25 мільёнаў чалавек памерлі ад гэтай хваробы. З пачатку эпідэміі ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны больш за 13 тысяч ВІЧ-інфіцыраваных, 2807 з іх ужо пайшлі з жыцця…  У Віцебскай вобласці, па стане на 1 мая 2012 года, з зарэгістраваных 712 ВІЧ-інфіцыраваных памерлі 122 чалавекі. Не абмінула бяда і жыхароў нашага раёна. Як паведаміла рэдакцыі памочнік урача-эпідэміёлага раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Мікалаеўна Радная, на Бешанковіччыне зарэгістраваны 10 хворых на ВІЧ: чатыры жанчыны і шэсць мужчын…
  Кожную трэцюю нядзелю мая ў свеце ўжо ў 29-ты раз адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр СНІДу. Сёлета ён прайшоў па тэме «Свечка памяці» і пад дэвізам «Разам прапагандаваць здароўе і вартасць». 20 мая дзясяткі тысяч людзей запалілі свечкі, каб успомніць тых, хто страціў свае жыцці ад захворванняў, абумоўленых СНІДам, падтрымаць людзей, якія жывуць з ВІЧ, і пацярпелых ад яго наступстваў, каб заклікаць грамадскасць да рашучых дзеянняў па процідзеянні хваробе.
  — Дзень памяці — гэта яшчэ адна магчымасць прадэманстраваць гатоўнасць і жаданне процістаяць далейшаму распаўсюджванню эпідэміі, паказаць усім рэальную блізкасць небяспекі і растлумачыць кожнаму, як гэтага пазбегнуць, — зазначае Ірына Мікалаеўна. — У грамадстве неабходна фарміраванне гуманнага стаўлення да розных аспектаў праблемы ВІЧ/СНІД.
  Наш абавязак — зрабіць усё магчымае, каб засцерагчы людзей ад гэтага захворвання, а хворых падтрымаць маральна і абараніць ад забабон і дыскрымінацыі, забяспечыць захаванне іх свабод і правоў, гарантаваць лячэнне, догляд і падтрымку.
     Лячэнне хваробы, як вядома, запавольвае развіццё эпідэміі, дазваляе людзям з ВІЧ заставацца здаровымі, грамадска актыўнымі і зніжае рызыку яе перадачы іншым людзям. Але зараз з 35 мільёнаў хворых людзей толькі больш за 6 мільёнаў атрымліваюць лячэнне. Больш за 10 мільёнаў чалавек чакаюць, калі яно ім будзе прадстаўлена. Хаця на кожнага чалавека, які пачынае лячэнне, прыходзіцца па два новых хворых…
    У Міжнародны дзень памяці ахвяр СНІДу на Віцебшчыне таксама былі арганізаваны тэматычныя акцыі, мастацкія выставы, прэс-канферэнцыі, круглыя сталы і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя праблеме ВІЧ/СНІД. З 23 па 28 мая, напрыклад, у Палацы творчасці дзяцей і моладзі г. Віцебска будзе праходзіць фотавыстава «Веды пра ВІЧ». У цэрквах вобласці прайшлі набажэнствы ў памяць аб ахвярах хваробы. Каб людзі ўсвядомілі актуальнасць і важнасць праблемы ВІЧ-інфекцыі, пашырылі веды па пытаннях, звязаных з ёю, і ўдзялялі належную ўвагу прафілактыцы захворвання.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *