Михаил Николаевич Ткаченко. Возпоминания боевых товарищей

Слава Придвинья

Пошук аднапалчан Героя Савецкага Саюза Міхаіла Мікалаевіча Ткачэнкі я пачаў амаль 25 гадоў назад з кнігі «Гатоўнасць нумар адзін» (М., 1973). Яе напісаў у мінулым ваенны лётчык, двойчы Герой Савецкага Саюза Рыгор Флегонтавіч Сіўкоў. Гэта кніга — успамін пра сваё жыццё, дзе цэнтральнае месца займаюць раздзелы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, баявому шляху 210-га штурмавога Севастопальскага Чырвонасцяжнага ордэна Кутузава III ступені авіяцыйнага палка. Цёпла і сардэчна расказвае аўтар пра баявых сяброў—лётчыкаў, штурманаў, матарыстаў, механікаў. Сустракаецца тут і прозвішча нашага земляка Героя Савецкага Саюза Міхаіла Мікалаевіча Ткачэнкі, якому 28 жніўня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння. Хутка я ўжо размаўляў з гэтым чалавекам па тэлефоне.  — У сваёй кнізе я расказаў пра нашага Мішу. Калі ў двух-трох словах, то магу паведаміць наступнае, — пачаў Рыгор Флегонтавіч на дзіва звонкім барытонам. — У той час, калі Міхаіл прыйшоў да нас у полк, гэта быў малады, прыгожы хлопец, з добра адладжанай тэхнікай самалётаваджэння, паспяхова выконваў заданні камандавання. 3 ворагам змагаўся смела, рашуча.
  Вызначаўся сярод іншых лётчыкаў выключнай храбрасцю. Літаральна лез у агонь, у самае, здавалася б, пекла, але пераможцам выходзіў заўсёды. Іншы раз губляў сваіх таварышаў, не раз быў і сам збіты зеніткамі праціўніка, але вяртаўся ў родны полк жывым і непашкоджаным. Тут жа прасіў новы самалёт і зноў ірваўся ў бой. I з такой злосцю бамбіў, страляў, вёў разведку, быццам гэты вылет быў апошнім у яго жыцці.
  Бывала, прыляціць з задання і тут жа, амаль без перадыху, зноў паднімаецца ў паветра. Нават пасля трэцяга за дзень вылету на штурмоўку варожых пазіцый яму не сядзелася на зямлі. Хлопцы жартавалі: «Зноў наш Міша азвярэў!».  Гэта быў рэдкі па натуры лётчык! Мы яго высока цанілі, нават аберагалі.
  Асаблівай помстай гарэла сэрца нашага палкавога любімца пасля таго, як з родных мясцін ён атрымаў пісьмо і фота свайго малодшага брата Аляксандра, якога моцна любіў. Той знаходзіўся ў фашысцкай няволі…».
      У канцы размовы  паабяцаў выслаць адрасы аднапалчан. Атрымаўшы іх, музей пачаў перапіску. У розныя куткі тагачаснага Савецкага Саюза было адпраўлена аднапалчанам 120 пісьмаў з просьбай успомніць пра нашага земляка. Адразу трэба сказаць, што большасць адказаў музей не атрымаў з прычыны смерці былых лётчыкаў, штурманаў, стралкоў-радыстаў, тых, хто добра ведаў Героя. Але каля 30 адказаў было атрымана. 3 іх яскрава бачна, якім быў чалавекам Міхаіл Мікалаевіч. Колькі ў лістах утрымліваецца цеплыні, душэўнай прыгажосці ў адносінах да праслаўленага лётчыка з Бешанковіч. Нягледзячы на тое, што адказы пісаліся амаль праз 45 гадоў пасля Перамогі, яны ў кожным радку дыхалі павагай і гордасцю за свайго аднапалчаніна. Звернемся да тых найкаштоўнейшых і дарагіх сэрцу ўспамінаў. Чытаць іх без хвалявання і ўнутранага перажывання нельга.
  «У нашым палку было шмат Герояў Савецкага Саюза. Сярод іх і ваш зямляк. Ведаў я Міхаіла Мікалаевіча Ткачэнку і як чалавека, і як камандзіра эскадрыллі. Ва ўсіх адносінах гэта быў мужны і адважны лётчык. Больш падрабязна пра яго можа расказаць Рыгор Флегонтавіч Сіўкоў, двойчы Герой Савецкага Саюза. Выконваць баявыя заданні яны не раз адпраўляліся ў пары», — паведамляў Васіль Арсенцьевіч Карпенка з Растова- на-Доне.
  Да глыбіні душы кранула пісьмо з г. Луга Ленінградскай вобласці ад Васіля Ціханавіча Харчанкі. «Міхаіла Мікалаевіча Ткачэнку я выдатна ведаў. Памятаю яго як сціплага, спакойнага і ў той жа час храбрага баявога лётчыка, — пісаў ветэран. — У канцы 1943 — пачатку 1944 года ён з’яўляўся намеснікам камандзіра нашай трэцяй авіяэскадрыллі 210-га штурмавога авіяпалка. Я часта лятаў з ім на штурм Керчы, Севастопаля. Міхаіл Мікалаевіч Ткачэнка смела і рашуча выконваў баявыя заданні. Мы бралі з яго прыклад. Ён быў уважлівым, добразычлівым таварышам, з’яўляўся адным з лепшых стралкоў палка — са свайго «ТТ» мог лёгка трапіць у цэль велічынёй з манету. Яшчэ мне запомніўся Міхаіл вясёлым, жыццярадасным і выдатным шахматыстам.
  Адпраўляючыся на заданне, ён заўсёды заставаўся спакойным, упэўненым у сабе і сваіх сілах. I гэта ўпэўненасць адразу перадавалася ўсім, хто з ім лятаў.
  Пазней, калі ў 1944 годзе Міхаіл Мікалаевіч Ткачэнка стаў камандзірам першай эскадрыллі, мне таксама даводзілася лятаць пад яго кіраўніцтвам, асабліва ў час правядзення Яса-Кішынёўскай аперацыі, у баях пад Будапештам. У маёй памяці ён назаўсёды застанецца яснавокім, каржакаватым прыгажуном, добрым таварышам і адважным лётчыкам, які чымсьці нагадваў мне легендарнага Валерыя Чкалава. Мы, у той час маладыя лётчыкі, заўсёды імкнуліся быць падобнымі на Міхаіла Мікалаевіча Ткачэнку».
  А гэта ўрывак з пісьма Анатоля Аляксандравіча Шэлагурава з Ленінграда: «Набліжаўся 1943 год. Наш полк лятаў на самалётах «Іл-2» і вёў баявыя дзеянні супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў на Паўночным Каўказе. У гэты час да нас прыйшло маладое папаўненне, у тым ліку і старшы сяржант Міхаіл Ткачэнка. Адсюль, ад гор Паўночнага Каўказа, разам з палком, вызваляючы Крым, Каўказ, Кубань, прайшоў Міхаіл Мікалаевіч Ткачэнка слаўны шлях ад радавога лётчыка да камандзіра эскадрыллі. Лятаў сам на баявыя заданні, вадзіў групы самалётаў на штурмоўку, разведку і бамбёжку баявых пазіцый праціўніка. Гэта быў нетолькі смелы, храбры, вынослівы лётчык, але і проста кампанейскі таварыш. У тую пару ён сябраваў з Мікалаем Есавуленкам, Рыгорам Сіўковым.
  У красавіку 1943 года пачалося выгнанне нямецкіх захопнікаў спачатку з Кубані, потым —з  Крыма. Увесь гэты час, з раніцы да позняга вечара, полк знаходзіўся ў паветры. Міхаіл Ткачэнка проста рваўся ў бой, рабіў па два, тры вылеты ў дзень, дзейнічаў як вопытны, спрактыкаваны лётчык. Міхаіл Мікалаевіч Ткачэнка — дастойны сын свайго народа».
  А вось што пішуць муж і жонка Баршчовы з Пінска (дакладней, піша жонка пад дыктоўку мужа, паколькі той пасля перанесенага інсульту сам пісаць не мог). «Васіль Іонавіч ваяваў у эскадрыллі, дзе, нягледзячы на малады ўзрост, камандзірам быў Міша Ткачэнка. Ён запомніўся адважным і ў той жа час простым у абыходжанні з іншымі лётчыкамі. I яны яго любілі, нават, недзе па-дзіцячаму аберагалі.
  Гэта быў прыгожы, па-асобаму мілы чалавек. Лётчыкі, убачыўшы Ткачэнку, ласкава гаварылі: «Вунь наш Міша!», або «Вунь наш Міша прыляцеў!». Пасля вайны я паехала да мужа ў Румынію. Там жа служыў і Ткачэнка, вучыў лётнаму майстэрству маладых лётчыкаў…».
  Поўнасцю хочацца прывесці наступнае пісьмо. Яно з Масквы, ад палкоўніка ў адстаўцы Васіля Сяргеевіча Фралова: «Прачытаўшы ваш ліст, я быў вельмі ўсхваляваны. Адно ўпамінанне імя Міхаіла Ткачэнкі міжволі прымусіла мяне ўспомніць 1943—1945 гады, калі мы змагаліся разам з Мішам на многіх франтах, а таксама асобныя моманты нашага жыцця пасля вайны ў г. Орадэа-Марэ, што ў Румыніі.
  У час вайны Міша быў маім камандзірам. Мы лёталі на самалётах «Іл-2» (фашысты называлі іх «чорнай смерцю»). Сустрэліся з ім у станіцы Дняпроўская, што на Кубані, у 1943 годзе і да канца вайны ваявалі разам. Разам служылі і да 1947 года. Потым яго з г. Орадэа-Марэ перавялі ў г. Брашаў, што таксама ў Румыніі. Там ён і загінуў у 1948 годзе трагічна. Труну з целам Мішы, яго сям’ю (жонку і сына) прывезлі ў Адэсу на самалёце, дзе мы яго і пахавалі з усімі воінскімі ўшанаваннямі.
  Мая жонка, Надзея Максімаўна, таксама ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны. У 1953 годзе ў сябе на радзіме яна сустрэла жонку Мішы — Аню, якая ў той час працавала бухгалтарам у інтэрнаце на чыгуначнай станцыі Рцішчава. Гэта сустрэча адбылася выпадкова, але вельмі была прыемнай (у г. Орадэа-Марэ мы жылі ў адным доме з сям’ёй Ткачэнкаў).
  Міша быў бясстрашным лётчыкам, цудоўным таварышам, вясёлым і вынаходлівым лётчыкам. Некаторыя даныя вы можаце ўзяць з кнігі «Гатоўнасць нумар адзін», якую я пасылаю вам у якасці падарунка. Яе б можна было дапоўніць шматлікімі баявымі эпізодамі з франтавой біяграфіі Мішы. Нават можна напісаць кнігу ў памяць аб ім. М. М. Ткачэнка здзейсніў больш 180 баявых вылетаў (дарэчы, штурмавікі звычайна рабілі па 30-40 вылетаў) на многіх франтах вайны: Каўказ,  Кубань, Блакітная Лінія, Малая Зямля, Керн, Крым, Севастопаль, Ясы, Кішынёў, Румынія, Балгарыя, Югаславія, Венгрыя, Чэхаславакія, Аўстрыя. Міша сапраўды змагаўся як Герой за светлую будучыню.
  Разам з ім непасрэдна ў пары я прымаў удзел больш як у 40 баявых вылетах. Вельмі б хацелася, каб ваш музей у гонар гераічных учынкаў Міхаіла Ткачэнкі, а значыць, і воінаў 210-га авіяпалка, праводзіў вялікую ваенна-патрыятычную работу і выхоўваў наша маладое пакаленне на прыкладах Ткачэнкі і, іншых слаўных сыноў Радзімы».
  Васіль Сяргеевіч Фралоў даслаў нам два фотаздымкі.  На адным з іх зняты самалёт Ткачэнкі. Ён толькі што прызямліўся, увесь зрашэчаны кулямётнымі чэргамі ворага. На фюзеляжы добра бачна лічба «5», другую (невядомую нам) вырвала разам з абшыўкай самалёта, і на тым месцы свеціцца вялікая прабоіна, ледзь не на ўвесь фюзеляж. На другім здымку — аўтар пісьма, кавалер сямі баявых ордэнаў В. С. Фралоў сфатаграфаваўся з першым касманаўтам Манголіі Жугдэруэмідзійнам Гурагча на фоне Маўзалея У. I. Леніна.
Анатоль КРАЧКОЎСКІ.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *