Зара отмечает 80-летний юбилей

К 85-летию "Зары"

“Зара” святкуе 80-гадовы юбілей. Першы нумар Бешанковіцкай раённай газеты пад назвай
“Сталінец” убачыў свет 12 жніўня 1932 года.       


80 гадоў – сталы і мудры ўзрост.
      Многае змянілася за гэты час, не адно пакаленне нарадзілася і вырасла на Прыдзвінні. І ўсе гэтыя гады раённая газета была побач, верай і праўдай служыла і служыць свайму чытачу.
    “Сталінец”, “За Радзіму”, “Зара”… Змяняліся назвы, а задача ў газеты заставалася ранейшай — занатоўваць на сваіх старонках гісторыю раёна, услаўляць лепшых працаўнікоў роднай зямлі, крытыкаваць за пралікі, раіць, дапамагаць, падтрымліваць, расказваць пра значныя і не вельмі падзеі, пра ўсё цікавае, адметнае, вызначальнае.
   Сёння і не падлічыш, колькі людзей на працягу васьмі дзесяцігоддзяў мела дачыненне да выдання газеты, працавала ў бешанковіцкай друкарні, каб жыхары раёна маглі  валодаць свежай інфармацыяй, мець уяўленне аб усіх падзеях, якія адбываюцца на Прыдзвінні. Кожны з іх пакінуў пасля сябе адметны след, аддаў рэдакцыі і друкарні свае вопыт і ўменне, здольнасці і прафесійны талент.
  Першым рэдактарам раённай газеты быў зацверджаны Якаў Шылянкоў. Першы нумар выйшаў тыражом каля тысячы экзэмпляраў. Бешанковіцкую раёнку рэдагавалі ў розныя часы ветэраны Вялікай Айчыннай Абрам Вульфавіч Глікман, Сяргей Несцеравіч Карась, Іван Сямёнавіч Конаш, Барыс Іванавіч Сувораў, Уладзімір Арцёмавіч Ганковіч. У часы ваеннага ліхалецця наладжвалі выхад газеты ў падполлі Анісся Фамінічна Мацулевіч і Ганна Піліпаўна Шалахава, загадчыкам аддзела рэдакцыі працаваў Рыгор Міхайлавіч Гільман, карэктарам – Віктар Піліпавіч Семяніда, які аддаў “Зары” 31 год жыцця.
  Значны след у гісторыі выдання пакінулі  былыя рэдактары  Станіслаў Мікалаевіч Саўрыцкі, Фёдар Нічыпаравіч Шаірка, Дмітрый Сямёнавіч Тарасевіч, Міхаіл Раманавіч Сямёнаў, Мікалай Ігнатавіч Спаткай,  Міхаіл Несцеравіч Прыгожы, Рыгор Дзмітрыевіч Галкоўскі і іншыя. А таксама тыя, хто працаваў побач з імі: Дар’я Лукашонак, Дзіна Сямчук, Тамара Есіпенка, Ганна Арцюшкевіч, Леанід Ткачонак, Іван Лазука, Валянціна Унуковіч, Еўдакія Саўчанка, Вольга Конаш, Лізавета Калмык, Людміла Шыпуля, Марыя Прыгожая, Міхаіл Галкоўскі, Аксана Аксюта, Наталля Мамойка, Раіса Сідарава, Фёдар Сялява, Антаніна Воранава, Алімпіяда Любачка, Канстанцін Хруцкі, Барыс Беляжэнка, Сяргей Рублеўскі…
    На жаль, час спыніць нельга. Многіх з іх сёння ўжо няма з намі. Але кожны зрабіў многа дзеля таго, каб наша раённая газета жыла і развівалася. Іх старанне, адказнасць і руплівасць застаюцца яркай старонкай у гісторыі “Зары”.
  Так, Тамара Паўлаўна Семчанка, былы адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара адпрацавала ў раёнцы амаль чатыры дзесяцігоддзі. Сваё  жыццё з бешанковіцкай друкарняй і рэдакцыяй звязалі таксама  Зоя Францаўна Петрушэўская, Еўдакія Захараўна Казак, Лідзія Іванаўна Берасцень,  Ана Дзмітрыеўна Аленікава, Вера Сцяпанаўна Судак, Любоў Міхайлаўна Карбоўская, Леанід Мікалаевіч Акулёнак. З “Зарой” непарыўны лёс Эдуарда Мікалаевіча Землянога і  Анатоля Вячаслававіча Крачкоўскага.
   Сённяшняе пакаленне журналістаў раённай газеты свята захоўвае памяць пра тых, хто паклаў пачатак “Зары”, набіраў, вярстаў, друкаваў газетныя матэрыялы, часта начамі, каб газета без спазнення трапляла да сваіх падпісчыкаў.
    На змену ветэранам прыходзіць моладзь, пераймае вопыт, набіраецца ведаў, каб захаваць традыцыі, унесці ў газету нешта сваё, зрабіць яе яшчэ больш цікавай і разнастайнай. Сёння творча працуюць на ніве журналістыкі адказны сакратар Святлана Варошка, загадчык аддзела Анжэла Людына, карэспандэнт Алена Марозава. Знешні выгляд газеты, яе афармленне, дызайн і вёрстка вось ужо амаль два дзесяцігоддзі запар –  клопат нашых старшых аператараў электроннага набору і вёрсткі Вольгі Сяргееўны Вілюгі і Наталлі Іванаўны Іўчанкі. Побач з аператарам электроннага набору Вольгай Васільеўнай Аскерай у друкарні спасцігае сакрэты пакуль у многім новай для сябе прафесіі друкар трафарэтнага друку Анастасія Іванова, у рэдакцыйным калектыве – карэктар Ксенія Іванаўна Мінёнак. З веданнем справы, хутка і якасна выконваюць свае абавязкі галоўны бухгалтар Таццяна Васільеўна Шчуко, кур’ер Дзіяна Дзмітрыеўна Талсташова і вадзіцель Віктар Віктаравіч Кавалёў.
  Наша надзейная апора ў рабоце – пазаштатныя карэспандэнты. Яны ёсць амаль ва ўсіх працоўных калектывах. Кожны нумар раёнкі – гэта вынік нашай сумеснай працы. Дзякуючы лістам, слушным прапановам, падказкам нашых чытачоў, змяняецца аблічча «Зары», забяспечваецца яе інфармацыйная і жанравая разнастайнасць, запатрабаванасць у жыхароў Прыдзвіння, што дазваляе газеце займаць лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых падпісных выданняў у раёне. Таму юбілей раёнкі — гэта не толькі свята працоўнага калектыву і ветэранаў рэдакцыі газеты і друкарні, але і нашых пазаштатных карэспандэнтаў, усіх жыхароў раёна.
  Дзякуй усім, хто з месяца ў месяц, з году ў год сярод вялікай колькасці падпісных выданняў выбірае «Зару». Асабліва паштальёнам, якія ў любое надвор’е дастаўляюць раёнку падпісчыкам, прапагандуюць мясцовае выданне сярод насельніцтва, спрыяюць павелічэнню тыражу.
   Са святам вас, паважаныя прыдзвінцы! Здароўя ўсім, шчасця, удачы, плёну ў працы і новых дасягненняў! 
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ,
галоўны рэдактар.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *