Прямая линия в РОВД

Новости района

Насупраць рэдакцыі стаіць невялікі драўляны домік з цаглянай верандай. Жывуць у ім сціплыя людзі – Зоя Антонаўна і Іван Іосіфавіч Захарчанкі. Летась ім споўнілася адпаведна 84 і 88 гадоў. Узрост шаноўны. За плячыма гэтай цудоўнай пары доўгае сумеснае жыццё – 62 гады. Наўрад ці знойдзецца ў раёне яшчэ адна такая сям’я.


еаднаразова даводзілася назіраць, як муж і жонка з ранку да вечара корпаюцца ў градках. Акрамя гэтага гаспадар шмат увагі надае саду, пчолам, у цэлым свайму двару. Як правіла, раніцай Іван Іосіфавіч трушком накіроўваецца ў парк ці на стадыён. І гэтай завядзёнцы Іван Іосіфавіч не змяняў дзесяцігоддзямі. Толькі як 80 мінула перастаў займацца прабежкамі.


А ў лазневыя дні муж і жонка Захарчанкі, ціхенька размаўляючы пра нешта сваё, павольна ідуць у лазню, потым няспешна вяртаюцца назад. Прыемна назіраць за гэтай цудоўнай парай старэнькіх гараджан. Неяк прыкмеціў, што ў лазню спяшаецца толькі адзін Іосіфавіч.


– А што гэта вы адзін? – пытаюся.


– Ведаеш, прыхварэла мая Антонаўна, – са скрухай у голасе паведаміў ён. І бачна, як перажывае чалавек за сваю дарагую палавіначку…


Захарчанка прывык рабіць усё сам: на рынак, у магазін, аптэку сходзіць, а калі занядужала жонка, Іван Іосіфавіч сам прыгатуе сняданак ці вячэру, накорміць сваю верную спадарожніцу жыцця, падмяце-памые падлогу, выб’е палавікі, вынесе смецце, навіны паслухае па тэлевізару і зноў за працу…


І так цэлы дзень снуе туды-сюды Захарчанка ўвесь у клопатах, у справах.Ён выдатна ведае, што ніхто яму не дапаможа – сыны далёка ад роднай хаты. Дадому хоць і наведваюцца, але не так часта, паколькі ў кожнага свая работа. Затое, калі прыязджаюць, то працуюць толькі яны, а маці і бацьку берагуць і шануюць. Вось такая гэта ўзорная ва ўсіх адносінах сям’я.


А склалася яна ў канцы снежня 1953 года, калі Іван Іосіфавіч працаваў першым сакратаром Ульскага РК ЛКСМБ, а Зоя Антонаўна – прадаўцом раймага.


– Неяк прыкмеціў маладую і вельмі прыгожую дзяўчыну, – ахвотна аддаецца ўспамінам Захарчанка. – Пазнаёміліся і вырашылі наладзіць сумеснае жыццё. Зоя, як і я, з простай сялянскай сям’і. Мы з Шумілінскага раёна.


У студзені 1945-га мяне прызвалі ў армію. Там і сустрэў Дзень Перамогі. Узнагароджаны медалём «За Перамогу над Германіяй». Уручылі яго толькі 18 сакавіка 1946 года. Да 1950 года служыў тэрміновую на востраве Сахалін. У 1953-м уступіў у члены КПСС. У радах партыі застаюся і цяпер.


У 1955 годзе Івана Захарчанку прызначаюць дырэктарам Ульскай электрастанцыі, у 1957-м, пасля ліквідацыі Ульскага раёна, дырэктарам Бешанковіцкай электрастанцыі і электрасетак. На новай пасадзе давялося займацца будаўніцтвам высакавольтнай электралініі ад падстанцыі «Дабееўскі Мох» да Бешанковіч. Свайго жылля на новым месцы не было, таму пакуль пасяліліся ў маці Героя Савецкага Саюза М. М. Ткачэнкі – Марыі Цімафееўны.


У 1960-м справілі наваселле. Неўзабаве абзавяліся гаспадарчымі пабудовамі, пасадзілі слівы, вішні, парэчкі.


Потым Іван Іосіфавіч працаваў загадчыкам аргаддзела Бешанковіцкага райкама КПБ, дырэктарам КБА, камбіната будматэрыялаў, інструктарам і загадчыкам агульнага аддзела райкама КПБ, а ў 1987 годзе пайшоў на пенсію. Праўда, яшчэ тры гады быў загадчыкам Бешанковіцкага райаддзела па працаўладкаванні. А Зоя Антонаўна ўвесь час працавала ў магазінах райспажыўкааперацыі, больш за 10 гадоў – у КБА.


– Мая Зоя Антонаўна ў камбінаце была на добрым рахунку, – расказвае Іван Іосіфавіч. – Яна займалася мастацкай вышыўкай, шыла галаўныя ўборы. Работы вельмі цаніліся. Яе партрэт быў змешчаны на раённай Дошцы гонару.


Іван Іосіфавіч па-ранейшаму заняты грамадскай справай – ён член прэзідыума райсавета ветэранаў, намеснік яго старшыні. Не прапусціў ніводнага пасяджэння. Яго прапановы заўсёды слушныя, вывераныя, кожная прасякнута сапраўдным клопатам пра людзей сталага ўзросту, накіравана на паляпшэнне работы арганізацыі. Ён справядлівы, але прынцыповы ва ўсім: у поглядах на жыццё, паводзінах, справах. Словам, Іван Іосіфавіч – сапраўдны партыец.


Такімі Захарчанкі выхавалі і сваіх дзяцей. Старэйшы сын Валерый скончыў МДУ імя М. В. Ламаносава, праявіў выдатныя навуковыя здольнасці ў біялогіі. Больш за васямнаццаць гадоў працуе ў Мюнхене (Германія), прафесар, доктар біялагічных навук. Малодшы, Сяргей, таксама мае вышэйшую адукацыю, з залатым медалём скончыў Ленінградскі інстытут авіяцыйнага прыборабудавання. Жыве і працуе ў Маскве. Ён выдатны спецыяліст у галіне сотавай сувязі.


Цудоўныя бацькі, цудоўныя дзеці, а ў цэлым – шчаслівая і моцная сям’я Захарчанкаў. Застаецца пажадаць паважаным мной Зоі Антонаўне і Івану Іосіфавічу, іх дзецям і ўнукам моцнага здароўя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *